Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/450

Гэта старонка не была вычытаная

якім вызнаўцы тэй ці іншай веры павінны былі бараніць яе. Само сабой, кождая старана старалася даць як найлепшых дыспутантаў, якія ў зацятай і гарачай вустнай полеміцы сіліліся пабіць сваіх праціўнікаў і апраўдаць сваё вераньне.

У езуіцкіх і уніяцкіх школах студэнтаў плянова навучалі уменьня вясьці дыскусіі. З гэтай мэтай прафэсар рыторыкі, пасьля сваей лёкціі выклікаў студэнтаў выступаць з закідамі супроць выкладаных, у бягучым тыдню, лекцій. Часам, пад кіравецтвам прафэсара, вялі дыскусіі аб лекціях самі студэнты. Пры тагочасным спосабе выкладу, бяз школьных падручнікаў, гэта давала магчымасьць прафэсару кантраляваць поступы і здольнасьці сваіх вучняў. Падобным спосабам адбываліся і гадавыя выспыты (экзаміны), с тэй толькі рожніцай, што гадавыя дыспуты вяліся не перад адным прафэсарам, але адбываліся яны перад біскупам, ігуменамі і выдатнейшымі дастойнікамі гораду, якія сядзелі за прэзыдыяльным сталом. Па скончаньні-ж курсу навук, на выпускныя зкзаміны, выклікаліся зазвычай інаверцы. За некалькі дзён перад такой выпускной дыскусіяй на браме манастыра, дзе памешчалася школа, вывешывалі ярка размаляваную абвестку аб часе і тэме вучонай дыскусіі. Гэткая абвестка мела выстаўленыя пункты закідаў і запрашала праціўнікаў адказаць на робленыя ім закіды. Падобны вызаў быў дадзены уніятамі праваслаўным. Праваслаўныя не прыйшлі бараніцца, што ў такіх здарэньнях лічылася паражкай праціўніка. Слуцкі прэзвітар Андрэй у сваім Отпісе апраўдывае праваслаўных, якія не пайшлі на заклік уніятаў дыскутаваць з імі.

„СЛУЖЕБНІКЪ“, друк. у Магілёве, 1616 г., ў 4-ку.

„ОБОРОНА ЕДНОСТИ ЦЕРКОВНОЙ“. Рукапіс ХVІІ ст. бібліатэкі Стара-Быхаўскага касьцёлу, праўдападобна пераклад с кнігі Лявона Крэўзы Рэжэвускага (Вільня 1617 г.):

„Obrona jedności cerkiewnej albo dowody, ktòrymi się pokazuje, iž grecka cerkiew z łacinską ma być zjednoczona“.

Лявон Крэўза-Ржэвускі сын бедных віленскіх мяшчанаў. Скончыў навукі ў віленскай езуіцкай акадэміі і бавіў некалькі гадоў заграніцай. Як шчыры староннік уніі і вучоны богаслоў быў архімандрытам Сьвятатроецкага манастыра ў Вільні, а ў 1626 годзе назначаны архібіскупам Смаленскім і Чарнегаўскім; памёр у Смаленску ў 1639 годзе. Многія гісторыкі аўторства гэтай кнігі прыпісуюць Іозафату Кунцэвічу, які яе выдаў будучы манахам ад імені свайго архімандрыта.

У „Обороне“ упамінае аўтор аб іншай своей кнізе супроць Астрожскага Клерыка, але кніга гэта не дахавалася да нашых часаў.

„СЛУЖЕБНИКЪ… друковано естъ коштомъ и накладом, Ясне вельможъного Пана его млсти Пана Леона Сапеги. Канъцалѣра Великого Князства Литовъского Могилевъского. шерешовъского Старосты Іпрочая. З ласкою Іпривилеемъ е. к. млти. Вдрукарни Леона Мамонича. Року 1617“.