Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

торымі Ты тварыў ўсякае стварэньне, насадзіў рай, стварыў чалавека, каторымі благаславіў патрыархаў, каторымі памазаў цароў, каторымі сьвяціў прарокаў… І я, Госпадзі, веру, што ты ёсьць Бог.

Уасобленьне адвалочных паняцьцяў — такжа адзін са спосабаў красамоўства Кірылы Тураўскага. Гэтак, у „Словѣ на Вознесение“ уасабляецца паганская царква, якая прадстаўлена быўшай пры ўзнясеньні Хрыста:

Тутжа была і паганская царква, як абручніца Хрыстова; бачучы Хрыста, узнёсшагася на неба, яна смуціцца, стогне сэрцам і кліча славамі Саламона: зранена я каханьнем тваім, жанісе нябесны.

У „Словѣ на Антипасху“ Кірыла кажа аб нядзелі, як аб „царыцы дней“. Гэткае уасобленьне зыходзілася з сьветаглядам слухачоў, пераконаных у тым, што нядзеля — гэта істота жывая, падобная да тых багоў, веры ў каторых яны яшчэ не пазбыліся.

Як практычны і добра павытараны ў красамоўстве, Кірыла ў сваіх творах ужывае такжа антытэзы, г. зн. — процістаўляе адну чыннасьць другой, адну рэч — іншай рэчы. У „Словѣ на Пасху“ Кірыла кажа:

Перад учарашнім днём Ісус Хрыстос, як чалавек, быў распяты, а як Бог, зацямніў сонца, месяц у кроў перамяніў, і цемра сталася па ўсей зямлі; як чалавек, ўсклікнуўшы, дух свой аддаў, але, як Бог, устрое зямлю, і камяні разсыпаліся; як чалавек, быў прабіты ў бок, але як Бог, разадраў заслону першага закону; як ягнец, праліў кроў з вадой замест ягняцоў колатых перш на жэртву, але сабой прынёс жэртву Богу Айцу за збаўленьне сьвету; як чалавек быў паложаны ў гроб, але, як Бог, асьвяціў аўтар паганскай царквы.

Сымвалізм у Кірылы Тураўскага бывае траякі: 1) сымвалістычнае тлумачэньне зьявішчаў прыроды, 2) сымвалістычнае тлумачэньне сьв. Пісьма і 3) сымвалістычнае тлумачэньне абрадаў.

Гэтак у „Словѣ на Ѳомино воскресеніе“ абнаўленьне прыроды вясной выабражаецца, як сымвал абнаўленьня чалавечай прыроды хрысьціянскай верай. Неба — апосталы; сонца — Хрыстос; месяц, які зьнікае пры сонцы, — стары закон, які уступіў Евангельлю; бурныя ветры — грэшныя помыслы; земля — чалавечая натура; семя, якое вырастае на зямлі, — слова Божае і г. д.

Урэшце прыповесьці („Притчи“) сустрачаюцца ў творах Кірылы.

Вышэй пададзеныя асобнасьці прамоў і твораў Кірылы Тураўскага былі разлічаны не на шэрую народную гушчу, якая не магла-бы пасьцігнуць яго высокага стылю, а на дабраны круг высокаасьвечаных слухачоў, каторыя маглі быць толькі пры князю. Вышэй было згадана, што ў той час у Тураве бавіла нямала грэкаў, якія, адыйшоўшы ад прыдворнага Візантыцкага клуму, праводзілі тут у спакою час, сярод узгадаванай імі на грэцкай культуры мяйсцовай інтэлігенціі, вось на гэты прыдворны круг асьвечаных слухачоў і былі разьлічаны прамовы Кірылы Тураўскага.

ЖЫЦЬЦЕПІС СЬВ. ЕЎФРАСІНІ КН. ПОЛАЦКАЙ († 23. V. 1173 г.). Напісана мніхам Спаскага манастыра ў Полацку, для ігуменьні та-