Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/462

Гэта старонка не была вычытаная

вславлена была. Церкву тую Царъ Московскій разгнѣвавшися збурити і зъ дѣлъ верхъ збити розказалъ, а также злупити еѣ, якъ по молитвѣ у ей, ему ся битва съ Королемъ Стефаномъ не сталася по мысли“.

Род Маскевічаў сяліўся ў Новагорадчыне і Піншчыне; Самуэль Маскевіч быў сваяком Хрэбтовічам і Вішневецкім. У 1605 годзе далучыўся да войска, якое вяло Дзьмітра на Маскоўскае царства. Прабыў у Маскве ўсю гэту кампанію і вярнуўся толькі пасьля угоды, заключанай каралём Уладыславам. Вярнуўшыся с гэтага паходу асеў у засьценку Ятры, ў Новагорадчыне. Тут ён напісаў важныя гістарычныя ўспаміны, якія абыймаюць час ад 1594 да 1621 году. Успаміны Маскевіча напісаны цікава, лёгка і добрай крыўскай мовай. Дайшлі ў некалькіх польскіх і крыўскіх рукапісах, с чаго відаць, што яны хадзілі па руках як літэратурны твор. У польскай мове былі надрукаваны ў пачатку ХІХ ст.

СЬВЯТОГА ІОАНА ЗЛАТАВУСТАГА БЯСЕДЫ НА ПАСЛАНЬНЕ ДА РЫМЛЯНАЎ. Рукапіс ХV стаг. Віленскай Публ. бібл. № 68. У канцы рукапісу запіс:

„року (1620)… я священноіерей Паисей Сиховскій, епископъ пинскій и туровскій, далъ сію книгу до монастыря Жировицкого“…

„ПАЛИНОДІЯ, або книга обороны каѳолической святой апостолской Всходней церкви и святыхъ патріарховъ, и о Грекохъ и о Россохъ христіанехъ“. Рукапіс М. Сынод. бібліатэкі; перадрукавана ў „Русск. Истор. Библ.“, IV, 313–1200. У свой час гэта быў твор слаўны сваей надзвычайнай вучонасьцю. Аўтор карыстаўся масай падручнікаў на лацінскай, грэцкай, польскай, славянскай і крыўскай мовах. Яго работу можна зраўняць толькі Апокрызісам. Аўторам гэтага аграмаднага рукапісу вялікай богаслоўска-полемічнай вагі быў Захар Капысьценскі. Мова твору украінскіх асобнасьцяў не мае. Напісана Палінодзія была ў 1621–1622 годзе, паводле Завітневіча („Палинодія“ Зах. Копыстенскаго) была надрукавана ў 1627 г.

Капысьценскі паходзіў з небагатай Мсьціслаўскай шляхты, дзесь з аколіц гарадца Копыся. Дзядзька яго Міхайла выбіўся на праваслаўнага Перамышльскага біскупа (ў Галічыне) і пацягнуў за сабой туды сваіх пляменікаў. Захар Капысьценскі, коштам свайго дзядзькі, атрымаў пачатную асьвету ў львоўскіх школах, а пазьней вучыўся ў Астразе, урэшце паступіў у Путнянскі манастыр (Малдавія). Каля 1616 году перабраўся ў Кіяў, дзе працаваў у Богаяўленскім брацтве. Пасьля Ільлі Плецянецкага, наступніка Мікіпара Тура, быў Кіява-Пячэрскім архімандрытам. На апошнім становішчы пражыў усяго паўтара году (памёр каля 1627 г.).

Акром Палінодзіі напісаў Капысьценскі казаньне на погрэб Плецянецкага, свайго папярэдніка на Кіява-Пячэрскай архімандрыі. Яму-ж прыпісуюць аўторства кнігі „О вѣрѣ единой“… якая была надрукавана ў 1602 годзе ў Вільні.

Капысьценскі належаў да глыбокіх і вельмі крытычных аўтораў. Кождае сваё цьверджаньне, кождую думку даводзіць цэлай масай выпісак і цы-