Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/465

Гэта старонка не была вычытаная

Саковіч сын праваслаўнага сьвятара з Галічыны (з аколіц Равы). Радзіўся каля 1580 г. Асьвету атрымаў у Астрожскай школе. Скончыўшы школу быў нейкі час дзяком у уніяцкай царкве ў Перамышлі, скуль перабраўся ў Кіяў і тут пастрыгся ў праваслаўныя манахі. Ад 1620 году да 1624 быў рэктарам кіяўскай школы Богаяўленскага брацтва. Пад канец жыцьця перайшоў у каталіцтва.

На пераходзе ад ХVІ да ХVІІ ст. Кіяў не адыгрываў ніякай ролі ў культурным жыцьці т. зв. „Русі“ (Крывіі і Украіны). Пасьля зьнішчаньня гораду крымскім ханам Мэнглі Гірэям і падзелу здабычы са Сьв. Сафіі с паўночным яго саюзьнікам Масквой, Кіяў сьвяціў „Русі“ адзіна толькі сваей старой славай. Культурным жыцьцём усей „Русі“ кіравалі Вільня і Львоў, а галоўна Вільня. У Кіяве не пражывалі ні біскупы ні мітрапаліты: сталай сялібай кіяўскіх мітрапалітаў былі Вільня і Новагорадак. Пячэрская Лаўра, якая мела абшырныя землі, была адзіна аб’ектам пажадлівасьці для кандыдатаў на яе архімандрыю; яе архімандрыты, занятыя абаронай ад захвату уніятамі і каталікамі лаўрскіх маетнасьцяў, не клапацілася нават каб прыстойна утрымаць разваліны сьв. Сафіі. Багатая лаўра ў канцы ХVІ ст. ня мела ні друкарні, ні школы, ні бібліатэкі, ні нават прытулку для паломнікаў. У той час, калі па ўсіх значнейшых крыўска-літоўскіх гарадох (Берасьці, Пінску, Менску, Полацку, Магілеве, Вітабску, Оршы, Вільні) ішла кіпучая праца ў брацтвах і брацкіх школах, у Кіяве да 1615 году не было яшчэ брацкай арганізаціі. Адраджэньню соннага Кіява быў дадзены пачын з Вільні: на брацкіх нарадах віленскага Сьвятадухаўскага брацтва, дзе пастаноўлена было паставіць архімандрытам Кіява-Пячэрскай лаўры Елісея Плецянецкага, (1599–1624), асьвечанага і глыбока ідэйнага чалавека. Гэты апошні галоўна і прычыніўся да адраджэньня Кіява. На помач Плецянецкаму, ў яго старэньнях аб школе, прыйшоў у помач віленскі архімандрыт, Лявон Карповіч, які намовіў належаўшую да віленскага Сьвятадухаўскага брацтва пабожную старонніцу старога благачэсьця, Гальшку з Гулевічаў Лозко, жану мозырскага маршалка Сьцяпана Лозкі, запісаць абшырны, належаўшы ей у Кіяве (на Падолі) пляц з будынкамі, на школу і прытулак для „пельгрымоў“. Адначасна з запісам, але незалежна ад яго, сарганізавана было ў Кіяве, ў тым-жа 1615 годзе, першае Богаяўленскае брацтва, якое ў 1620 г. атрымала ад праязджаўшага з Масквы патрыарха Тэафана стаўропігію, пацьверджаную каралём толькі ў 1629 г. Вэрсіі аб ранейшым істнаваньні брацтва ў Кіяве (ад 1589 г.) памылковы, грунтоўна давёў гэта такі знавец гісторыі Кіява як С. Голубевъ (Истор. Кіевск. акад., т. І, бб. 1–12; 165–166).

Дзякуючы фундаціі Гальшкі Лозко і працы Богаяўленскага брацтва была адкрыта першая ў Кіяве школа, як сказана ў патрыаршай грамаце 1620 г. „еллино-словенского и латино-польского писма“. Рэктарам гэтай школы і быў Касьян Саковіч, аўтор вышэйазначаных „Вершаў“.