Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/466

Гэта старонка не была вычытаная

Адраджэньне Кіява цесна зьвязана з другім фактарам ў жыцьці „Русі“ (Крывіі і Украіны). Гэтым другім фактарам было выступленьне на гістарычную арэну казацтва.

Пасьля татарскага пагрому і зруйнаваньня Кіява, жыхарства ня толькі гарадоў, але і правінціі прыдняпроўскай украіны разьбеглася. Край абязлюдзеў і апусьцеў. Кіяўскія стэпы былі заняты качуючымі ў пустых „Дзікіх палёх“ татарамі. У ХІV ст. Кіяўшчына і Падольшчына была яшчэ пад уладай падольскіх ханаў, якіх назначала сюды Залатая Арда. У 1362 годзе в. кн. Альгерд выгнаў татараў і далучыў Кіяўскую зямлю да в. кн. Літоўскага. З гэтага часу пачынае кіяўскае падняпроўе памалу засяляцца пераважна выхадцамі с крыўскіх зямель, а галоўна з верхняга Дняпра, і парэччаў Бярэзіны і Прыпяці. Былі гэта беглыя сяляне, якія ўцякалі ад усё крэпшай, ад пачаткаў ХVІ ст., прыгоннай залежнасьці. Часьць гэтых уцекачоў сялілася на дняпроўскіх астравох і па берагох Дняпра, на поўдзень, за дняпроўскімі парогамі, дзе іх не магла ўжо дасягнуць рука дзяржаўнай адміністраціі. Галоўным цэнтрам гэтай каланізаціі быў востраў Хорціца, за парогамі, дзеля чаго яны і называліся „Запарожцамі“. Жывучы, т. сказаць у нэўтральным паясе, паміж двумя вайсковымі абозамі, гэты нашы перасяленцы дзень і ноч павінны былі быць на гатове да абароны, згэтуль пагалоўна ўсе яны станавілі свайго роду трэці, праміжлеглы, паміж татарамі і Літвой, вайсковы абоз, зложаны з бяздомнай галыцьбы. У пачатку ХVІ ст. запарожская галыцьба пачынае сябе называць ужо казакамі, г. зн. назовам, якім празываны былі вайсковыя каланісты, што сяліліся ад густа залюдненага Валыня і менш залюдненага Падольля у старану „Дзікіх палёў“. Апошнія рэкрутаваліся пераважна з украінскага сялянства і будучы пад апекай дзяржавы, жылі асела і даволі дастатна па сваіх хутарох. Пад канец першай чверці ХVІ ст. першыя (нашы выхадцы) носяць назову казакаў „галутвеных“, а другія (украінскія сяляне) „дамавітых“. Галутвенікі жылі не асобнымі семьямі, а дружынамі па некалькі дзесяткаў чалавек разам. Пры тым жанкі, пад страхам кары сьмерцю, не дапушчаліся ў гэткія агульныя сялібы, званыя куранямі. Акром адзеньня і аружжа ў курэня ўсё было агульнае. Ўлада прыналежала агульнаму вечу, званаму Радай. Рада выбірала старшага, званага кашавым, аба атаманам, які карыстаўся неагранічанай уладай. Толькі пасьля зьмены яго другім ён даваў справаздачу Радзе, якая ў здарэньні правіны са стараны атамана, засуджала яго на адсячэньне галавы. Спосабам да жыцьця гэтай голай вольніцы служылі напады на татараў і дзеля гэтага апошняга ўлада в. кн. Літоўскага іх не чапала. У 40-х годах ХVІ ст. в. кн. Літоўскае назначыла ім старасту Астапа Дашковіча. Першы зьвярнуў увагу на запарожскіх казакаў, як на вайсковую сілу, Сьцяпан Баторы, які, выбранаму казацкай Радай атаману Хведару Багданку, паслаў булаву, пячаць, харугаў з выабражэньнем свайго каралеўскага гэрбу і на пісьме пацьверджаньне выбараў; але пры гэтым загадаў сьпісаць казакаў у рэестры. Сьпісана было 6.000 казакаў, якія зваліся „рэестровымі; ім назначана была пэнсія са скарбу рэчыпасполітай — па кажуху і па чырвонцу ў год, за што ўзложана на іх пагранічная служба. Словам, Баторы стараўся лагод-