Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/467

Гэта старонка не была вычытаная

нымі спосабамі апанаваць вольнае казацтва, але па яго сьмерці, не так асьцярожна пачала браць іх пад сваю кантролю ўлада рэчыпасполітай, гэта выклікала вялікае нездаволеньне сярод казакаў, якія прывыклі пачуваць сябе вольнымі ад кантролі якой бы то ні было ўлады.

С казацкага нездаволеньня папробавалі скарыстаць павадыры праваслаўных у змаганьні супроць уніі. Першым казацкім гэтманам, які павярнуў казацтва на абарону праваслаўя быў Касінскі, які родам быў с крыўскага Палесься. Ён казацкую сілу зьвяртае ўжо супроць рэчыпасполітай з ярка рэлігійнымі клічамі. Пасланае супроць яго першае войска было разьбіта. Ён узяў Белу-Цэркву, Кіяў і другія гарады. Тады супроць Касінскага выступіў сам гэтман Канстантын Астрожскі, бітва кончылася нічым. Чародным казацкім гэтманам быў Лабада. Лабада і сучасны яму Налівайка далей вялі справу Касінскага. У 1595 годзе Налівайка Гедрайць, Кміта і др. падыймаюць паўстаньне ў Меншчыне, Магілеўшчыне і Вітабшчыне. Іх соціяльныя і рэлігійныя клічы прыеднуюць ім сялянскія массы, якія, пасьля разьбіцьця Налівайкі, уцякаюць у Запарожжа. У 1606 годзе казакі выбіраюць сабе гэтманам Канашэвіча Сагайдачнага, гэты апошні злучыў нізавых казакаў з дамавітымі пад сваей ўладай і атрымаў пацьверджаньне на гэта рэчыпасполітай. Пад уладай Канашэвіча было ўжо 50.000 збройнага люду. Маючы такую сілу на пагатове і усеагульны спогад праваслаўных, якія жылі у рэчыпасполітай. Канашэвіч трымаў сябе даволі незалежна ў стасунку да дзяржаўнай улады.

Маюцца ясныя гістарычныя довады, што каля двадцатых гадоў ХVІІ ст. адбываліся нарады паміж прадстаўнікамі віленскага Сьвятадухаўскага брацтва і казакамі — не пазбаўленыя трывог за будучыну, — але якія кончыліся распачлівай пастановай крыўскай стараны, ўверыць казацкаму аружжу абарону герархіі, навукі і брацтваў. (гл. М. Кояловичъ „О разселеніи племенъ Западнаго края Россіи“, Масква, 1863).

З гэтага часу ўсе лепшыя сілы крывічоў праваслаўных высылаюцца на Украіну ў помач казакам і ў Кіяў для арганізаваньня там брацтваў, друкарань, — школ і г. п.; перасылаюцца ад нас туды і вайсковыя сілы. З гэтага часу інтэлектуальнай і моральнай помаччу і ў цеснай сувязі з вісілкамі украінскага народу, пачынае расьці і крэпнуць Кіяў фізычна і культурна. Асабліва ўзрасло значэньне Кіява пасьля 1620 году, калі, праездам з Масквы, іерузалімскі патрыарх Тэафан, высьвяціў шэсьць праваслаўных біскупаў і між імі мітрапаліта Іова Барэцкага. Да гэтага часу ва ўсей рэчыпасполітай быў толькі адзін праваслаўны біскуп у Львове, цяпер-жа утварылася цэлая праваслаўная герархія с кіяўскім мітрапалітам на чале, павагу якога падтрымлівала вайсковая казацкая сіла. Кіяў стаўся сталіцай праваслаўя. Гэты падзеі паднялі энэргію сярод праваслаўных і крэпка зьвязалі праваслаўе с казацтвам, а ўсю „Заходную Русь“ (Крывію і Украіну) с Кіявам. Кіяў становіцца на чале змаганьня „Русі“ за свае правы, якія аднак памылкова утожсамлюе с праваслаўным веравызнаньнем. Да палавіны ХVІІ ст. старакрыўская мова была мовай „рускай“ пісьменнасьці — на абшары ад Смаленска да Львова — ў помніках, пісаных і друкаваных у гэтай „русскай“ мове на Украіне,