Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/474

Гэта старонка не была вычытаная

ках Сматрыцкі надумаў выстарацца сабе архімандрыю ў Дэрманскім манастыры. З гэтай мэтай, ў канцы 1626 году, напісаў ліст да валынскага вояводы Януша Заслаўскага. Здарэньнем пры чытаньні ліста быў мітрапаліт Руцкі, які параіў даць Сматрыцкаму Дэрманскі манастыр, але пад варункам, што ён прыйме унію. Сматрыцкі, будучы ў Канстантынопалі пераканаўся, што там ня гэтулькі клапоціліся аб дабры „рускага“ (крыўскага і украінскага) народу і чыстасьці яго рэлігійных пераконаньняў, сколькі аб даходзе патрыаршага скарбу з „рускай“ провінціі. Падзеі ў Кіяве паказалі яму, што розьнь паглыбляецца і суліць новыя закалоты ў будучыне. Паднятая на змаганьне за веру чэрнь выходзіла ўжо с паслушнасьці царкоўнай герархіі, бачучы ўсё гэта Сматрыцкі згодзіўся, але засьцярогся, каб, да часу атрыманьня адповедзі з Рыму, переход яго ў унію ня быў разгалошаны, і што пасьля прыняцьця уніі ён захавае пры сабе і на далей тытул полацкага архібіскупа. Акт далучэньня да уніі адбыўся ў ліпні 1627 году.

Прыняўшы унію Сматрыцкі аб’езджаў цэркві і манастыры, намаўляючы да пагоджаньня „Русі з Русьсю“, г. зн. праваслаўных з уніятамі. Аб гэтым думалі тады многія, асвечаныя адзінкі. У жніўні 1627 году адбыўся зьезд цясьнейшага гуртка староннікаў еднасьці. Былі на гэтым зьездзе акром іншых: кіяўскі праваслаўны мітрапаліт Іоў Барэцкі, нованазначаны пячэрскі архімандрыт Пятро Магіла і Касьян Саковіч. На зьездзе Барэцкі і Магіла прасілі ў Сматрыцкага даць свой катэхізм у духоўную цэнзуру, каб хутчэй яго надрукаваць, але Сматрыцкі лічыў патрэбным надрукаваць сьпярша трактат „аб шасьці рожніцах які есьць між усходнай і заходнай царквой“. На гэта згодзіліся. Са зьместам трактату азнаёміў Сматрыцкі той-жа цясьнейшы кружок на зьездзе ў Гарадцы ў лютым 1628 году. У трактаце Сматрыцкі праводзіў думку, што ўсходная і заходная царквы ва ўсім істотным сходзяцца, а рожняцца між сабой толькі ў абрадах, якія ня могуць перашкаджаць еднасьці, і дзеля гэтага прапанаваў прыняць усім унію. Учасьнікі згодзіліся з ім і мітрапаліт узяўся склікаць сабор усей царквы з учасьцем сьвецкіх дэлегатаў.

Каб прыгатаваць дэлегатаў сабору да прыняцьця уніі Сматрыцкі напісаў Аполёгію сваей падарожы на Усход. У Аполёгіі ён даводзіў, што ўсходная праваслаўная царка далёка адыйшла ад свайго ідэалу і так загаразілася гэрэзіямі, што найлепшым спосабам аздароўленьня яе зьяўляецца унія з Рымам. Апісуючы сваю падарожу Сматрыцкі паказываў на гэрэзіі Зызаняга, Філалета, Ортолога і Клерыка Астрожскага. Найбольш ён затрымаўся над Ортологам (сваім псэўдоніме), каторы: ў Лейпцыгскай і Віртэмбэргскай акадэміях закапцеў дымам лютаранства і гэтым чадам заразіў усю „Русь“ цераз свой Ѳринос.

Напісаўшы Апологію, паслаў копіі яе Барэцкаму і Магіле с просьбай прагледзіць і даць адповедзь. Тым-часам асобныя адрыўкі Апологіі пайшлі па руках, узбурылі праціўнікаў і яны ў жніўні 1628 г. склікалі ў Кіяве сабор. На гэты сабор паехаў Сматрыцкі ў надзеі, што яму удасцца пераканаць праціўнікаў, але прыехаўшы пабачыў, што сабор сабраўся адзіна з мэтай су-