Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/478

Гэта старонка не была вычытаная

што трудна знайсьці добрага дзяка, яшчэ трудней вучонага сьвятара, а мудрага прапаведніка і не пытай. Упалі школы, зьвёўся царкоўны напеў і скорапіснае пісьмо. Чэрнь узяла верх і папы павінны танцаваць так, як ім заграе чэрнь (намёк на казацтва), або калі не паслухаюць — паказуюць ім абухі. Цемната вялікая сярод праваслаўных ня толькі ў нас, але і на Усходзе: ў Канстантынопалў бываюць мітрапаліты, каторыя ня ўмеюць пісаць. Пры гэтым у царкве анархія: у кождым большым горадзе ёсьць асобная стаўропігія, якая не прызнае царкоўнай зьверхнасьці. Рабіў пры гэтым дакор праваслаўнаму духавенству, што яно, не безынтэрэсоўна, выконуе загады Масквы, кажучы: „Мы мелі багацтвы, а цяпер мае іх Маскоўшчына“. Наракаў, што школы ў упадку, а тыя якія ёсьць „не гараць а дымяцца і дзеці вырастаюць с цялят на валоў“.

Паходжаньне сямьі Сматрыцкіх дагэтуль ня высьветлена. Ведама, што бацька Мелецяга, Гарасім Сматрыцкі, быў сьпярша Камянецкім земскім пісарам, пазьней Рэктарам астрожскай школы. Дзеля таго, што ў украінныя землі, якія належалі да в. кн. Літоўскага, найчасьцей былі пасыланы вышэйшыя урадоўцы с цэнтру, есьць падстава думаць, што бацька Мелеція Сматрыцкага быў адным с такіх урадоўцаў, які выпаўняў дзяржаўную службу на украіне в. кн. Літоўскага. Зьвязак сямьі Сматрыцкіх з мясцовасьцю Смотрыч (на Падольшчыне) паказуе, што яны там мелі земскую маемасьць, што з другой стараны можа даводзіць іх старадаўнай там аселасьці і прыналежнасьці да украінскай народнасьці,

Максім, а ў мнішстве Мелеці Сматрыцкі, радзіўся каля 1578 году, праўдападобна на Падольшчыне, ў Камянцы ці Смотрычы. Першую асьвету атрымаў у Астрожскай школе, а пазьней вучыўся ў Вільні на філёзофскім факультэце, ў езуіцкай акадэміі. Каля 1606 г., як дамовы вучыцель князёў Саламярэцкіх, выехаў з маладым князям заграніцу і разам з ім вучыўся на Вроцлаўскім, Лейпцыгскім і Нюрынбэргскім унівэрсытэтах,

Вярнуўшыся, перад 1608 годам у Вільню, заняўся пэдагогічнай і пісьменніцкай працай. У 1618 годзе, з намовы Лявона Карповіча, з якім яго рэлігійна-грамадзкая дзейнасьць была цесна зьвязана, прыняў мнішскі стан і паступіў у віленскі Сьвятадухаўскі праваслаўны манастыр. У 1620 годзе быў высьвячаны на архібіскупа Полацкага Іерузалімскім патрыархам Тэафанам, а ў 1627 годзе перайшоў у уніяцтва. Памёр 7 студзеня 1634 году, (па стараму календару 27 снежня 1633 г.).

Мелеці Сматрыцкі, адзін з найбольш здольных і найбольш вучоных нашых рэлігійных дзеячоў ХVІІ ст. У ім шчасьліва былі злучаны пісьменніцкі талент, прыродны нахіл да паважнай мысьлі і вялікая асьвета, асабліва філёзофіі і богаслоўі. Належаў ён да арыгінальных і вельмі глыбокіх мысьліцеляў. Яго пісаньні маюць наскрозь жыцьцёвы характар, стыль іх энэргічны, ясны і прыгожы, з нязвычайна тонкай дыялектыкай.

Магчыма, што паходжаньне яго з Украіны і рэлігійна-грамадзкая дзейнасьць на крыўскіх землях, вытварылі са Сматрыцкага пераконага прыхільніка ідэі еднасьці „рускага“ народу. За моладу Сматрыцкі думаў аб аб’яд-