Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/486

Гэта старонка не была вычытаная

скага манастыра. Будучы у Берасьці ён знайшоў пэргамінныя старыя дакуманты с правамі і прывілеямі для праваслаўных і „зъ страшнымъ проклятствомъ на униты“, якія ўпісаў у гродзкія кнігі і апавесьціў у царкве і на рожных мяйсцох. Выказываў жаль, што няма ўжо годных абаронцаў праваслаўя, што стаўпы грамадзянства і царквы „неабачна перакідаюцца да іншае верачкі“. Раз ішоў ён вуліцамі Варшавы і пабачыў, як голая жанка бегла с плачам, ламаючы рукі і выклікаючы: „zginęłam! Wzięto mi z łòžka wezgłowie i kołdrę“. Гэта здалося Філіповічу сымволам акрадзенай праваслаўнай царквы. Ен даў жанчыне чырвоны залаты. І, калі, пасьля гэтага, апавядае, маліўся ён да Богародзіцы, пры словах: „отъ всѣхъ насъ бѣдъ свободи“, пачуў голас ад абраза Прачыстай: „О Афанасе, занасі просьбу цяпер на сойме праз мой абраз, ў крыжу намаляваны, купяціцкі, да польскага караля і рэчыпасполітай, грозячы праўдзівым гневам і страшным божым судом, які нябаўна запраўды прыйдзе, калі яны не адумаюцца; няхай жа перш тую вечна праклятую унію зганяць, бо таго найперш патрэба, а можа быць яшчэ ўсё добра“.

Хоць Філіповіч пісаў свае ўспаміны крыўскай мовай, але словы Маці Божай, відаць, выгалашаны былі па царкоўна-славянску.

Атрымаўшы загад ад М. Божай ён, у 1643 годзе, зьявіўся на варшаўскім сойме с купяціцкай іконай; у 1645 годзе пісаў супліку з вязьніцы, дзе злажыў супроць уніі песьню: „Даруй покой церкви своей, Христѣ Боже“.

За тое, што вырваўшыся саўсім голы з вязьніцы і, выкачаўшыся ў балоце, бегаў вуліцамі Варшавы, бьючы сябе палкай і выклікаючы: „бяда праклятым і няверным!“, кароль Уладыслаў ІV, пазбавіў яго сьвятарства і маетнасьці і выслаў на суд мітрапаліта Пятра Магілы ў Кіяў. У часе польска-казацкай вайны Філіповіч быў ізноў ігуменам у Берасьці. Нехта данёс, што Філіповіч перасылае казакам кулі і порах. Урадоўцы і збройная шляхта ператрасьлі два берасьцейскія манастыры, але не знайшлі нічога. Тады пачалі чапляцца да Філіповіча, што ён праклінаў унію. На гэта сказаў Філіповіч: „Праклята цяперашняя унія ваша, ведайце тое, калі ня вынішчыце яе ў сваей дзяржаве і не дасьце спакою праваслаўнай царкве, то дазнаецца над сабой божага гневу“. За гэта ўкінулі яго ў вязьніцу, а па некалькі днёх надзелі яшчэ на яго аковы; сядзеў ён ад 12(1) ліпня, а 16 (5) верасьня 1648 г., памёр, ці як іншая вэрсія апавядае — быў разстраляны. Праваслаўная царква ўлучыла яго ў лік сьвятых.

Пад уплывам казацкага руху ў пісаньнях Філіповіча праглядае падкладка гэтага руху, соціяльныя прычыны:

„Але панове и преложоные згола въ звѣревъ и птаховъ драпежныхъ ся перекинули и подобными стали, а праве южъ и над звѣревъ подданыхъ своихъ и убогихъ людей драпежать и над ними ся збыткують“.

„ДЕДАСКАЛІА: албо наука. которая ся первѣи из устъ Священником подавала о седми сакраментахъ Алболи таинахъ. На синодѣ помѣстномъ в Бгоспасаемомъ Градѣ Могилевѣ. Року Бжего 1637… от превелебного его Млсти: Господина Оца. Силвестра Косова, Епспа Мстиславского, Оршанского и Могилевского… в Тѵпографїи Монастыра… Кутеенского“…