Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/496

Гэта старонка не была вычытаная

На гэтым і канчаецца падзел фортыфікаціі на дасканальную і недасканальную.

Далей апісываецца абарона крэпасьці, г. зн. што патрэбна для скутэчнай абароны, як разьмяшчаюцца войскі, і якія робяцца запасы для абароны.

Затым надта здалёк пачынаецца апісаньне аблогі крэпасьці. Апісываецца падгатоўка войска да выступленьня ў паход, аб тым, як яно ідзе ў часе паходу, скрываючы сваё пасуваньне наперад, каб вораг ня мог прыгатавацца і да абароны; як войска перамагае перашкоды, спатыканыя ў дарозе. Аб пераходзе праз рэкі гаворыцца: „зробяцца на іх масты з чаўноў, якія возяцца на вазах, каб магла перайсьці армата бяз шкоды“, г. зн. і тады ўжо істнавалі пантоны для накладаньня мастоў. Але вось, ўрэшце, перамогшы ўсе перашкоды, войска зьяўляецца пад фортэціяй ці горадам і перад ім паўстае пытаньне: як захапіць фортэцію. Для гэтага прапануюць браць адкрытай сілай, калі можна захапіць яе, дзеля нягоднасьці сьцен ці нязгоды ў гарнізоне. Але калі-б захапіць фортэцію адкрытаю сілай неўдалося, тады трэба дабываць яе „per la via a metodica“ г. зн. шляхам правільнай аблогі. У апошнім здарэньні радзіцца сьцясьніць абараняючагася пры дапамозе „forti di kampanieja“, г. зн. палявымі украпленьнямі, не дазваляючымі абложаным выхаду з фортэціі за харчамі і пошырам, каб выклікаць у гарнізоне голад, а праз яго і здачу. Пасьля разглядаецца капаньне „падступных шанцаў“ устройства батарэй для аблогі і дзейнасьць з іх.

Пасьля гэтага аўтор дае рады ўжо абараняючымся, прапануе ім шэраг спосабаў, якія карысна ўжываць проціў ворага і радзіць лістамі, адозвамі і дзейнасьцю, агентаў падбурыць мясцовых жыхароў і, стварыўшы з іх войска, напасьці на аблягаючых, чым, па яго разуменьню, можна прымусіць іх зьняць аблогу.

На гэтым канчаецца тое, што належыць толькі да фортыфікаціі. Далей ідуць думкі аб „бітвах ваенных“, не пазбаўленыя цікавасьці. Пасьля агульных, кароткіх радаў апісана, які павінен быць склад войска і яго ўзбраеньне, затым акрэсьляецца самы бой; „бойка ваенная ёсьць множства узброеных гвалты дзеячых і праганяючых, ўзаемна сьціраючыхся“. Бітвы дзеляцца на дробныя і „енэральныя або ўсецэльныя“.

Наступаючыя бітвы бедны правіламі. Затое абаронныя — разабраны дэтальна і лепш.

Канчаецца гэты цікавы рукапіс артыкулам „аб капітуляціях“ дзе апісаны варункі здачы войска.

ЗБОРНІК ХVII СТ., Румянцаўскага музэю СССХХIII. (па Вастокаву). Зьмяшчае найбольш казаньні і повесьці с Патэрыкону, ў большасьці на крыўскай мове.

л.1. „выклад млтвы“: „господи ісусе хрысте боже наш“.

л.2. „выклад млтвы отче нашъ“.

л.8. „обясненіе изложенія никейскаго и константинополского сумволу двунадесяти артыкулов вѣры хрстіянское“.