Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/517

Гэта старонка не была вычытаная

АЛЕКСАНДРЫЯ 1697 ГОДУ. Рукапіс Маскоўскай Публіч. бібл. і Рум. муз. № 1562. На адвароце апошняга ліста запіс:

„Писа(л) сію Александрѣю Василій Гаврилови(ч) Менжинскій попови(ч) мозырскій дякъ… року (1697)“.

МЭТРЫКА В. КН. ЛІТОЎСКАГА. Літоўскай мэтрыкай называецца архіў спраў дзяржаўнай канцэлярыі вялікага князьства Літоўска-Рускага (Крыўскага), які знаходзіўся пад асабістым даглядам і кіравецтвам вялікага канцлера Літоўскага.

У гэтым архіве сабраны арыгінальныя дакуманты (іставікі) з ХIII да ХVIII ст. і копіі дакумантаў, выданых з дзяржаўнай канцэлярыі.

Да ХVІ ст. Мэтрыка в. кн. Л. пераховывалася ў Троках, у замку; адтуль яе перавязьлі, ў канцы ХVІ ст., ў Вільню, а, ўрэшце, ў ХVIII ст — ў Варшаву. Частка дакумантаў, якія датычаць маетнасьцяў князёў Радзівілаў, апынулася ў Несьвіжскім архіве (які спалены ў часе ўсесьветнай вайны), часьць была вывезена Швэдамі ў 1655 годзе. У 1794 г., пасьля таго як расійскія войскі занялі Варшаву, ў ліку іншых цэннасьцяў, Мэтрыка в. кн. Л. была перавезена ў Петраград.

Яшчэ ў Вільні, ў канцы ХVІ ст. (1594 г.) канцлер Леў Сапега апрацаваў рэестр дакумантаў Літоўскай Мэтрыкі, пры гэтым усе яе кнігі былі перапісаны нанова. Пасьля перавозу Мэтрыкі ў Варшаву, польскі гісторык Нарушэвіч, дапоўніў старыя рэестры новымі, пісанымі польскай пісоўняй. Акром гэтага, па загаду польскага ураду, ўсе дакуманты Мэтрыкі в. кн. Л., пісаныя па „руску“ (крыўску), былі перапісаны польскімі літарамі. Перапісаных дакумантаў сабралася 29 томаў, за час ад 1386 да 1551 году. Гэты 29 томаў знаходзяцца і цяпер у Галоўным Варшаўскім архіве. У Петраградзе, да ўпарадкаваньня Мэтрыкі в. кн. Л., была высаджана царыцай Кацярынай ІІ асобная камісія, — якая выдзеліла акты ўнутранных спраў асобна, а замежных — асобна. Першыя дакуманты перайшлі пад загад Дзяржаўнай Рады (Государственнаго Совѣта) і былі перавезены ў Маскоўскі архіў Міністэрства Справядлівасьці, а рэшта — ў Калегію Замежных Спраў, а адтуль ў Цэнтральны Архіў Міністэрства Замежных Спраў у Маскве. Акром гэтага, частка важнейшых дакумантаў трапіла ў рукапісныя аддзелы Публічнай бібліатэкі ў Петраградзе і такжа ў Румянцаўскі музэй у Маскве.

Такім чынам, гэты, бязьмернай вагі і цаны, гістарычны архіў быў зруйнаваны расійскімі рукамі і раскіданы па рожных мяйсцох, так што цяпер няма ўжо ніякай магчымасьці сабраць яго ўвесь у адно мейсца, тым больш, што ў часе перавозак па Расіі многа дакумантаў было загублена.

З дакумантаў Мэтрыкі в. кн. Л. шмат што было перадрукавана. Найбольш перадруковывала гэтых дакумантаў Імпэратарская Архэографічная Камісія. Акты Мэтрыкі в. кн. Л. увайшлі ў гэткія выданьні:

1. „Акты, относящіеся къ исторіи Западной Руси“. Пад рэдакціяй І. І. Грыгаровіча.