Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/518

Гэта старонка не была вычытаная

2. „Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Руси“. Пад рэдакціяй Кастамарава.

3. „Россійская историческая библіотека“ т. т. ХVII, ХХ, ХХХ, ХХХІІ.

4. „Лѣтопись работъ Археографической Комисіи“ выдала так сама шмат дакумантаў.

5. Часьць дакумантаў Мэтрыкі Літоўскай была надрукавана Варшаўскім унівэрсытэтам пад рэдакціяй праф. Ф. І. Леантовіча, паводле копій Варшаўскага Архіву.

6. У Варшаве, ў 1840 г., было выдана падробнае апісаньне Варшаўскага Архіву зробленае Бандке і Гэрбартам.

7. Рад дакумантаў Літоўскай Мэтрыкі надрукаваў М. Оболенскі ў „Россійскомъ Историческомъ Сборникѣ“ 1838 г. кн. І і ў іншых выданьнях.

8. У 1883 годзе быў выданы ў Петраградзе, т. І „Литовской Метрики“, працай Земвяровіча.

9. Некалькі гадоў таму назад пры „Московскомъ Товар. Исторіи и Древностей Россійскихъ“, вышла выданьне дакумантаў Мэтрыкі пад рэдакціяй М. Доўнар-Запольскага. Дакуманты, надрукаваныя ім, датычаць галоўна экономічных спраў, за час ад 1400 г. да 1529 г. Выданьне надзвычай старэннае і адзінае, якое захавала старую, літара ў літару, пісоўню, рэшта — ўсе расійскія выданьні — маюць моцна падпраўленую пісоўню.

10. „Хронологическій указатель документовъ, хранящихся въ Литовской Метрикѣ за время съ 1511 по 1749 г.“ Корсака.

С польскіх вучоных друкавалі дакуманты Мэтрыкі в. кн. Л. А. Прохаска (ў Львове), Ф. Радзішэўскі ў Кракаве і іншыя.

Літоўская Мэтрыка зьмяшчалася ў 556 томах folio (ў ліст) і абыймала гісторыю в. кн. Літоўскага і Рускага (Крыўскага) на прадоўжаньні больш 400 гадоў (ад 1386–1794 г.). З гэтага можна сабе ўявіць якое аграмаднае значэньне мае гэты архіў для нашай гісторыі. Гэта ёсьць падробны і самы пэўны, 556-тамовы летапіс, дзе, год за годам, адмечаны ўсе важнейшыя здарэньні дзяржаўнага жыцьця.

Ацэніваючы гэты архіў з літэратурнай стараны трэба заўважыць, што характар зьмешчанага ў ім матэр’ялу надта рознаякі і не паддаецца абагульненьню і сыстэматызаціі, тым больш, што пераважаючая яго часьць і дагэтуль яшчэ не перадрукавана. Зусім зразумела, што мова, правопіс і стыль ва ўсей Мэтрыцы ня могуць быць аднастайнымі на адлегласьці некалькіх стагодзьдзяў. Літэратурныя спосабы і навыкі, як і імязоўніцтва, ўрэшце граматычныя і сынтактычныя правілы мяняліся на працягу стагодзьдзяў. Уплывы паасобных правінцій в. кн. Літоўскага, ў склад якога ўходзілі Кіяўшчына і Валынь, Чарнегаўшчына і Латгалія, а такжа школьная грэка-лацінская асьвета вышэйшых краёвых школ, блізкія стасункі с Польшчай, Прусіяй, Масковіяй і Турэччынай, усе гэты чыннікі мелі ўплыў на дзяржаўную мову вялікага кн. Літоўскага, на мову тых асоб, якія складалі і пісалі дзяржаўныя дакуманты, або перакладалі іх з чужых моваў. У рамках сухіх дакумантаў мала было і мейсца да выяўленьня асабістага пісьменніцкага таленту. Дакуманты