Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/531

Гэта старонка не была вычытаная

плугамі. Гэтага гараньня асталося на заўтра ня больш, як на адзін плуг“, знача, — ня больш таго, што можна за дзень згараць адным плугам.

ПОПЕЛЪ (зола). „У пущи нашей Виленской близко мѣста попел жечы и клепки робити“ (Ліст. Жыг. І, 1508 г., № 119).

„Золата і ў попелі відно“ (Насовіч, 470).

ПРОДКІ (предки). „Продковъ нашихъ и отца нашего короля его милости“ (Вырок в. кн. Александра 1495 г., № 29).

„Тут нашы продки дзяды й прадзяды жылі“ (Насовіч, 522).

ПРАМЫТА, ПРАМЫТНІКІ (контрабанда, контрабандисты). „А соль везеть — от воза грош мыта, а коли оминеть гроша не дав… двадцать грошей промыты“ (Грамата в. кн. Вітаўта 1407 г.).

Гл. слова „мытнікі“.

ПРЫГОН (барщина). „И въ пригонъ и на толоку ходить“ (Ліст кар. Жигимонта І, 1508 г., № 112).

„На прыгон гонюць“ (Насовіч, 439).

ПРЫДАЦЬ (добавить). „Ино еще придали есмо (яму) у Бобруйской волости“ (Грамата Казіміра-каралевіча 1440 г.)

„Не прыдавай к цане больш рубля“ (Насовіч, 500),

ПРЫЯЖДЖАЮЦЬ. „Они приеждчаюць со Кгданска съ солью до Ковна“ (Грам. кар. Александра 1496 г., № 43). — Агульна ўжыванае слова. Пры чым цікава, што даўнейшы правопіс яго блізка стаіць да сучаснай вымовы і правопісу: „На сьвяты да нас прыяжджаюць госьці“.

ПРЫЙДУЧЫ (будущій). „Мартинъ Янгелевичъ свой год выдержить (арэнду) до светого Петра дня прийдучого“ (Ліст. кар. Александра 1498 г, № 55).

„Палажы гэта на прыйдучыя часы“ (Насовіч, 518).

ПРЫСЕЛКІ. „Приселки на имя Марковичи“ (Грам. в. кн. Александра 1501 г., № 71). — Цяпер ужываецца, ведама-ж там, дзе ёсьць гэтыя прыселкі, г. зн. — невялікія сялібы ўпабліжы сяла, прыданыя да аднаго старасты.

ПРЫСЛУХАЦЬ (повиноваться). „Со всим тымъ, што здавна к тому селу прислухало“ (Грам. в. кн. Александра 1499 г., № 63). — „Прыслухаць“ — ад слова „слухаць“, якое, як і выводныя ад яго, ўжываецца і цяпер у значэньні „повиноваться“. „Ня слухаеш добрых слоў, паслухаеш сабачай скуры. Слуханьне трэба аказваць гаспадару“ (Насовіч, 592).

ПРЫХОД (приходъ, доходъ). „Пришло приходу двесте караиманов и дванадцать караиманов медомъ и грошми со всихъ волостей киевскихъ“ (Лічба кіяўскага ключніка 1494 г., № 26). — Цяпер ужываецца ўперамешку са словам „прыбытак“, якое больш адпавядае маскоўскаму „доходъ“. „Хоць малы прыбытак, а ўсе ёсьць. Прыбытку з гэтага табе мала будзе“ (Насовіч, 496). Ужываецца слова „прыход“ і ў значэньні маскоўскага „выгода“: „Ты прыходней купіў за мяне“ (ibidem, 516).

ПЭРЛЫ (жемчугъ). „Тых грошей заплачоно туръком за перлы“. (Прыхода-расходны запіс пісара гаспадарскага 1496 г., № 38). — „Пэрламі усажана карона ў абразе. Жыдоўка ў пэрлах ходзіць“ (Насовіч, 412).