Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/536

Гэта старонка не была вычытаная

ей дыктатарскае палажэньне ў краю, але ўсычала ў сябе мілую яе амбіціям тэорыю, што шляхта паходзіць ад Яфэта, а сялянства — ад Хама. У гэту басьню такжа верылі і да яе датасовывалі практычнае жыцьцё; ёй апраўдывалі бязлітаснае панаваньне сваё над сялянствам і сьвядома аддзялалі сябе ад яго звычаямі і вопраткай. Паводле шляхэцкіх тэорый шляхта і сяляне — два розныя племі. Радзьдзел гэты давяршыла польская мова, якая, дзякуючы школам, распашырылася паміж шляхтай.

С пераходам магнатаў, а за імі шляхты ў каталіцтва, каставы падзел адпавядаў веравызнаўчаму падзелу: магнаты і шляхта — каталікі, сяляне — уніяты; праваслаўе слыло верай казацкай.

Каставая шляхэцкая арганізація, перанесеная да нас с Польшчы, шырыла польскія ўплывы сярод гэтай касты вельмі рана. Ужо ў 1544 годзе паны і шляхта в. кн. Літоўска-Рускага (Крыўскага), пісалі пэтыцію да караля, ад Берасьцейскага сойму, па польску (Działyński: „Zbiòr praw litewskich“). Пад актамі, пісанымі крыўскай мовай, с палавіны ХVІ ст., сустрачаем польскія подпісы. Гэткія подпісы да Люблінскай уніі даволі рэдкі, але пасьля 1569 году польскія подпісы магнатаў і шляхты сустрачаюцца што раз часьцёй. Да ХVІІ ст. крыўскія подпісы яшчэ пераважаюць, але ўжо ў пачатку другой чверці ХVІІ ст. заўважаецца заніканьне, на ўрадовых дакумантах, крыўскіх подпісаў у пасьпешным тэмпе. У другой палавіне ХVІІ ст. крыўскія подпісы на дакумантах бываюць ужо рэдка.

Вядомы абаронца праваслаўя кн. Канстантын Астрожскі, ў сваей перапісцы, пераважна ўжывае мовы польскай (Голубевъ, „П. Могила“, т. І, дадатак № 6, 11, 14, 17). Гэтак сама паступаюць Іпаці Поцей, (М. Wiszniewski „Hist. Lit. P.“, т. III, 264). Крыштаф Радзівіл, Леў Сапега; Мітрапаліты: Рагоза, Рутскі, П. Магіла; а такжа Плецянецкі, Ян Кароль Хадкевіч і інш. (Iabłonowski, „Akad. Kijowo-Mohilańska“ б. 58).

Не мала дапамагла пашырэньню польшчыны рэлігійная полеміка. Першы ўжыў польскай мовы ў полеміцы са стараны праваслаўных Сьцяпан Зызані, ў сваім „Катехизисе“ надрукаваным у Вільні ў 1595 г., дзе зьмесьціў „Kazanie sw. Cyrylla patryarchy Ierozolimskiego“. У 1597 г. выдана было Apokrisis Крыштафа Бронскага. У 1599 г. выдаюць уніяты „Antirrisis abo Apologia przeciw Krysztofowi Filaletowi“. За гэтымі першымі ластаўкамі пайшлі соткі іншых полемічных твораў са стараны праваслаўных і уніятаў, пісаныя па польску і, ўрэшце ад 1630-х годаў немаль выключна, а з другой палавіны ХVІІ ст., ўжо саўсім выключна, рэлігійная полеміка вядзецца па польску.

Мова каталіцкага касьцёлу была лацінская, мова праваслаўнай і уніяцкай царквы — славянская, мовай шляхэцкай касты сталася — польская. Кожды шляхціц, і выйшоўшы з гэтай касты духоўнік, прызнаваў гэтыя тры мовы менш-больш роўнапраўнымі, але ніколі ня думаў і не хаціў „зьнізіцца“ да мовы паняволенага народу, адкідаў яе с пагардай, як азнаку ніжэйшай касты.

Змаганьне за праваслаўе, гэта было змаганьнем за догматы, абрады, герархію і духоўнае маетнасьці, але ня мела ў сабе ніякіх азнак змаганьня за народнасьць, ці за культурную ад палякаў аддзельнасьць. Наадварот, змагань-