Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/55

Гэта старонка не была вычытаная

Пад найменьнем „прощенниковъ“ тут разумеюцца, мабыць, нявольнікі, прошчаныя, або адпушчаныя на волю сваімі валадарамі: становячы асобную клясу ў грамадзянстве яны аддаваліся цяпер князям пад загад біскупа. Другая крыніца — дзесяціна грашыма:

„Се даю св. Богородицѣ и епископу десятину отъ всѣхъ даней смоленскихъ, что ся въ нихъ сходить истыхъ кунъ, кромъ продажи, и кромъ вири, и кромъ полюдья“.

Пасьля падробна вылічаецца, сколькі дані йшло князю з рожных мейсц смаленскай зямлі[1] і сколькі павінна выдзяляцца бісупку з іх, так што агульна выходзіла для біскупа 308 грывень і 3 нагаты; аб некатарых толькі мяйсцох заўважана: „сколькі з іх дані няведама, але сколькі бы не прыйшло, дзесяціна біскупу“. Трэцяя крыніца — дзесяціна харчамі: князь дае сьв. Богародзіцы і біскупу дзесяціну ад усіх рыб, якія ішлі да яго з рожных мейсц і наагул — ад усіх падобных даняў, вялікіх і малых, якія прыходзілі для князя і для княгіні са ўсей Смаленскай зямлі. Чацьвёртая крыніца — сёлы і землі і рожныя зямельныя ужыткі: князь надаў біскупу і саборнай царкве два сёлы — Дросенскае і Ясенскае з зямлёй і сяланамі („изгоями“); а ў іншых мяйсцох — толькі зямлю, вазёры з сенажацямі, гароды і з ўласнага двара акрэсьленую меру воску на асьвятляньне царквы. Урэшце, пятая крыніца — царкоўныя суды, за якія плата ішла ўся ў пажытак біскупскі, а часам дзялілася з князям або пасаднікам. Аб’екты гэтых судоў пералічаны ў гэткім парадку: развод, хто водзіць дзьве жоны, няпраўныя жанідзьбы, умыканьне дзеў (пры гэтым заўважана: „што возьме князь, — з біскупам папалам, або што возьме за суд пасаднік, — з біскупам папалам“), атручаньне і душагубства, бойка дзьвёх жон, ўсе праступкі людзей царкоўных і інш. У канцы граматы Расьціслаў упамінае ізноў аб аткрыцьці ім смаленскай біскупіі і кажа, што зрабіў гэту пастанову разам з біскупам сваім Мануілам, што ў суды біскупскія не павінен ніхто з сьвецкіх людзей умешывацца, што ці будуць зьмяншацца ці павялічацца князевы дані, — заўсёды дзесяціна з іх павінна выдзеляцца саборнай царкве, і заклінае каб ніхто і па яго сьмерці не зьмяняў гэтай устаўнай граматы і ніхто не асьмяляўся ў будучым закрыць новаадкрытай ім біскупіі і злучыць яе з Пераяслаўскай, як было перш. Грамату гэту пацьвердзіў сваей прыпіскай і грознымі закляцьцямі і Мануіл, першы біскуп Смаленскі.

Не глядзя на запэўненьні граматы і на мянаваньне біскупа Мануіла сябе першым Смаленскім біскупам, маюцца сьляды, што князь Расьціслаў толькі аднавіў біскупію, заснаваную ў Смаленску ў самых пачатках ХІ ст. Відаць, біскупія гэта была заняпаўшы і нават злучана ў адно з Пераяслаўскай. У

  1. У даны кругабег часу Суздальская зямля знаходзілася ў леннай залежнасьці ад Смаленска, што відаць са слоў граматы: „Суждалі залѣская дань, але воротить Гюрги, а что будетъ въ ней, изъ того Святой Богородицѣ десятитна“. — Істнаваньне гэткай дані, — кажа акад. Шахматаў: („Къ вопросу объ образованіи русскихъ нарѣчій“ Ж. М. Н. П. ч. CCCXХІІ, 1899 г. б. 337, а такжа: Бѣляевъ „Какъ образовалось великорусское племя.“ Изв. антроп. отд. общ. любит. естествознанія І. М. 1865), — як гэта ужо адзначана гісторыкамі, паказуе на залежнасьць Суздаля ад Смаленска і тлумачыцца тым, што перасяленцы ў зямлю Меры ішлі з зямлі Крывічоў“.