Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/569

Гэта старонка не была вычытаная

Як ад кутуза Банапарт.
Тут раптам неба спагадзелась.
Усплыла сонейка, зьясьнелась,
Энэй, уцёкшы так ад бед,
Састрапаць загадаў абед.
Траянцы ўзялісь за ядзэньне,
Як з поля панскія харты.
Была ў іх з затаўкай[1] крупеня,[2]
Кулагу[3] пхалі ў жываты;
Была ў іх гушча[4] і драчона[5]
І парасяціна смажона.
Пілі гарэлку не каўшом —
Цягнулі ў волю ўсе нагбом.[6]
Усячыны панасьцябалісь
Ды на палацях спаць паклалісь.
Вянэра с кірмашу павярнулась.
(У Ўшэсьці[7] відзіш ты, была),
Ды аб Энэянку дачулась,
Юнона як яго спрагла[8].
Андрак[9] з насоўкай апранула,
З падплётам ўзьдзела кавярзьні[10],
Анучкі рабыя абула,
Як бытцам войта селязьні;
Твар сыраваткаю абмыла,
Кужэльны ўзьдзела балахон,
Папранік[11] ў хустачку ўлажыла, —
Пайшла да Зэўса на паклон.
А Зэўс тады сядзеў у клеці, —
Гарэлку з мёдам там сьцябаў.
Бяз сораму, як малы дзеці,
З падоньня пальцам калупаў.
Прышла Вэнэра і завыла,
Саплямі змазала ўсё рыла
Ды так зазюкала[12] яна:
„А чым перад табою, бацька,
Мой абмішуліўся[13] дзіцяцька?
Зюкні, яка яго віна?
Ня ўвідзяць Рыму яго вокі,
Калі Юнону ня уймеш!
Зьядуць па ростанях сарокі,
Сатрэць яна яго ў кулеш[14].“
Тут Зэўс, гарэлачку дапіўшы,
Ражком ў халяву пастучаў,
Цяртухі моцнае зажыўшы,
Таку гаворку распачаў;
„Дапрэць Энэянка да Рыму
І будзе тама ён царом.
Палепшы Чыжаўскіх[15] харом
Паставіць каменны палаты.
Паны-ж ня будуць там багаты;
Свае чапы[16] ён завядзець,
І ўсё на одкуп пабярэць.
Цяпер завернець к Карпагені,
(У Дзідоны, відзіці, талака),
Папрэць у волю ён смажэні,
Ад’есца з добрага быка,
Папарыцца ён там у лазьні,
Падпусьціць хвігля[17] самай пані,
Закруціць моцна галаву, —
На любжу[18] прывядзець ўдаву.
Ідзі, дачухна, ня турбуйся!
Ды скорамам, глядзі, ня жуйся!
Ні з кім саромна не клянісь
І ў Сташкоў Ніобе пакланісь!“
Вэнэра тут яму прысела,
Хранцуз пан Шэнак як вучыў,
Пайшла, вясельную запела:
Зэвэс ёй вельмі дагадзіў.
Энэй, пачухаўся, паскробся,
На ногі лапці падвязаў,
З палацяў да кута дагробся,
Да плыць падкорніку[19] казаў.
Плыў, плыў аж ў ваччу зазелянелась,
І мора горш ад талакна прыелась, —
Ен ведзьмай на яго гладзеў.
А там пачаў ужо зьдзікацца
Ды так ні к чому стаў злавацца,
Што я й пісаць тут не пасьмеў.
Казаў, што лепш-бы на пагосьце
Схаўтурылі яго там косьці.
Дарэмна з Троі пакруціўся
Ды валачобнічаць пусьціўся.
Ен з гора піпку запаліў,
Ў балону[20] голаву спусьціў.
Аж зірк у мора — і сказіўся![21]
Запеў „ізбранную“ заксьціўся:
„Глядзеце, братцы, вунь сяло!“
Тут ўсіх за сэрца узяло.
Якраз на бераг прывалілі,
За плот чаўнок свой прыкруцілі,
Па шклянцы выпілі сівухі,
Паелі нашча саладухі,
Камоў[22] з сьмятанай і глазухі.[23]

  1. с салам.
  2. крупнік.
  3. каша з соладу.
  4. каша с пансаку і гароху.
  5. каша з дзертых ячных круп.
  6. нахіляючы вядро
  7. назова сьвята Шосьнік
  8. сьпякла.
  9. андарак, сподняя спадніца, ням. „unterrock“.
  10. лапці.
  11. пернік.
  12. інтымна загаварыла.
  13. правініўся.
  14. страва с цёртага, таўчонага мяса с тукам, пірог з мясам.
  15. палац кн. Пацёмкіна.
  16. „чапы“ — дзежы, чаны ў якіх ставяць затор на гарэлку.
  17. штуку, жарт.
  18. любоў, паблудная любоў.
  19. памочніку капітана, які кіруе кармой.
  20. ў люку.
  21. зазлаваў, ашалеў.
  22. клёцак.
  23. творагу са сьмятанай.