Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

жаньні 5-ці гадоў, не перастаючы працаваць сілай свайго слова. Урэшце і сам ігумен напоўніўся завісьцю да Аўраамія, забараніў яму вучыць і нават выдаліў з манастыра. Тады справядлівы перайшоў у горад і пасяліўся ў бедным і малалюдным манастыры сьв. Крыжа. Тут яшчэ больш пачалі зыходзіцца да Аўраамія; манастырская царква заўсёды была поўна богамольцаў, жадаючых чуць яго навукі; многія прыносілі яму свае ахвяры, каторыя ён ужываў на прыаздобленьне царквы і раздзяляў брацьці і ўбогім. Заздрасьць і тут не пакінула справядлівага ў спакою: на Аўраамія паўстала немаль усё гарадзкое духавенства затое, што ён прыцягаў да сябе так многа народу. Аб Аўраамію сталі распускаць чуткі, што ён гэрэтык, чытае „голубіныя кнігі“, жыве нячыста, прыкрываючыся зьнешняй сьвятасьці, і, урэшце, паднялі такую замутню ў народзе, што ўсе жыхары гораду зьвярнуліся да біскупа Ігната і прасілі паддаць суду Аўраамія. Біскуп паслаў па яго сваіх слуг, і ў той час, як слугі ганьбячы валаклі справядліўца па вуліцах, адзін справядлівы мніх, па імю Лукаш Прусін, адбываючы дзевяты час малітвы ў манастыры Арханела Міхайлы, чуў з неба голас, што Аўраамі бязвінна пакутуе. На біскупскім судзе пры бытнасьці самога князя аказалася, што ўсе абвінавачаньні, якія закідаліся Аўраамію, былі няпраўдай. Але, каб супакоіць узбураны народ, біскуп Ігнат загадаў Аўраамію выдаліцца ў Богародзіцкі манастыр, дзе ён быў пастрыжаны, і забараніў яму адбываць царкоўную службу. За некалькі дзён адзін смаленскі сьвятар, па імю Лазар, які пасьля быў смаленскім біскупам, прыйшоў да Ігната і сказаў, што горад будзе строга пакараны за несправядлівую напасьць на божага чалавека. Страшная посуш, якая сталася ў зямлі смаленскай, апраўдала гэту прапаведню. Дарэмна жыхары маліліся і хадзілі крыжовым ходам наўкол гораду: дожджу ня было. Тады біскуп, паклікаўшы да сябе Аўраамія, пазволіў яму рабіць духоўныя адправы, і прасіў у яго дараваньня сабе і ўсяму гораду ды прасіў памаліцца