Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

часы Усеслававых ўнукаў, добра ведамы справы на крыўскіх землях, як Полацкіх, так Горадзенскіх і Чарнігаўскіх. І дзеля гэтага саўсім слушна кажа Безсонов („Бѣлорусскія пѣсни“. Москва, 1871, б. ХІХ): „тварэц Слова аб Палку Ігара, ураджэнец, выхадзец або нават жыхар Беларускага краю“. Бо толькі выхадзец або жыхар краю мог так горача апяваць мясцовых герояў, хоцьбы і па былінах старых часаў, і так добра быць пасьвячоным у мясцовыя падзеі і інтэрасы.

Гэткім чынам „Слова аб Палку Ігара“, будучы помнікам не народнай, а дружыннай паэзіі, дзякуючы яго паўстаньню на нашай тэрыторыі і апяваньню ў ім падзей з нашай гісторыі, павінна быць залічана да помнікаў крыўскай пісьменнасьці.

МЭДАЛІ-ЗЬМЕЯВІКІ. Увесь сьветагляд Крывічоў да прыняцьця хрысьціянства быў не хрысьціянскі, а паганскі; але гэты сьветагляд быў народны. Хрысьціянскі-ж сьветагляд быў наадварот не народны (калі і былі ў ім рысы націянальныя, то прыналежалі яны чужой народнасьці, перш за ўсё — грэка-візантыцкай і тым, каторыя уссалі ў сябе гэтае грэка-візантыцтва). Гэткім чынам, з прыняцьцем хрысьціянства пачаўся ў нас выпрацовывацца новы, хрысьціянскі сьветагляд на падвойнай аснове: на стараветна-народнай і хрысьціянскай. Зрэшта ў першыя часы да хрысьціянства належала толькі горстка гарадзкога жыхарства, шырокія масы толькі за некалькі сот гадоў маглі пранікнуцца хрысьціянствам і то — галоўным чынам зьнешнімі яго формамі, ўліваючы ў гэты зьнешнія формы паганскі зьмест. Хрысьціянскія сьвяты прыймаліся гэтай шырокай масай па аналёгіі з паганскімі сьвятамі, хронолёгічна блізкімі з першымі. На хрысьціянскіх сьвятых пераносіліся рысы паганскіх багоў: гэтак на прарока Ільлю, дзень якога сьвяткуецца 20 ліпня, перанесены былі рысы Пяруна, бога грому; на сьв. Юрья (23 красавіка), — рысы Ярылы; на сьв. Власія — рысы бога Велеса і г. д.