Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

Паганства ў асобе валхвоў, чараўнікоў, варажбітаў доўга змагалася за сваё істнаваньне, аб гэтым сьведчаць адрыўкі летапісаў. Але ў паганства было што раз менш кіраўнікоў, і яно павінна было адступаць перад граматным хрысьціянскім духавенствам. Адступаючы, паганства мяшалася з хрысьціянствам. Прапаведнікі-грэкі, а пасьля і духавенства мясцовага паходжаньня на працягу некалькіх першых стагодзьдзяў грамяць „христіан двоевѣрно живущих“, асуджаюць тых, хто мае па дзьве жаны; гоняць за тое, што жон бяруць з танцамі, музыкай („плясаніем и гудѣніем“) і покляскамі; абураюцца тым, што складаюць жэртвы балотам, калодзязям і бесам (г. зн. — паганскім багом). Але гэтыя пропаведзі былі бязсільны: паганскі сьветагляд быў у цеснай сувязі з жыцьцёвым укладам народных гушчаў.

Мэдалі-зьмеявікі паходзяць з кругабегу часу „двоеверства“, калі і хрысьціянства прыймалі і паганскіх багоў не выракаліся. Гэткія „зьмеявікі“ найбольш знаходзяць на Палесьсі. На аднэй старане такога „двоевернага“ мэдалю бывае зазвычай выабражэньне фігуры (ці фігур) сьвятога (або сьвятых), а на другой старане — мітычнага зьмея і зазвычай надпіс з жаданьнем шчасьця таму, хто яго носіць. Пададзены тут на рысунку бронзавы мэдаль-зьмеявік, знаходзіцца ў Беларускім музэі імені Івана Луцкевіча, ў Вільні. Знойдзены ён у Менскім Палесьсі і адносіцца да ХІІ ст.