Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

„У горадзе Смаленску жыў нехта малады чалавек — Мэркуры; быў ён богабойны і ў загадах Божых павучаўся дзень і ноч, расквітаў прыкладным жыцьцём, пастом і малітвай, і сьвяціў, як гвязда богаяўная, пасярод усяго сьвету. Быў кволы душой і сьлёзны, часта прыходзіў да крыжа госпадавага маліцца за грамаду (мір), завомы Пятроўскага Ста. А ў той час злыдны цар Батый палоніў рускую зямлю і марыў хрысьціянаў, праліваючы бязвінную кроў, як сільную ваду. І прыйшоў той цар з вялікім войскам на богазбаўчы горад Смаленск, і стануў ад яго на 30 попрышч; многа сьвятых цэркваў папаліў, і хрысьціянаў пабіў, і цьвёрда азброіўся на той горад. Людзі-ж былі ў вялікім смутку, бязвыходна прабывалі ў саборнай царкве Прачыстай Богародзіцы і ўмільна галасілі з вялікам плачам і з многімі сьлязамі да Усемагутнага Бога і да Прасьвятой Богамаці і да ўсіх сьвятых, аб захаваньні гораду таго ад усякага зла“.

„І была відзежа гараджанам. Недалёка ад гораду за Дняпро-ракой, у Пячэрскім манастыры, праслаўна явілася Прачыстая Богародзіца панамару і сказала: „О, чалавеча Божы! ідзі да таго крыжа, дзе моліцца выбранец мой Мэркуры, і скажы яму: кліча цябе Божая Маці!“ Панамар пайшоў; знайшоў яго молючыся каля крыжа, і назваў па імю: „Мэркуры!“ — А той адказаў: „Што табе, гаспадзіне мой?“ — І сказаў яму панамар: „Ідзі борзда, браце! цябе кліча Божая Маці ў Пячэрскую царкву!“ І пашоў богамудры Мэркуры ў сьвятую царкву, і ўбачыў там Прачыстую Богародзіцу на залатым пасадзе з Хрыстом у абоймах сваіх, акружаную анельскім войскам. І паў ён да ног яе з вялікай пакорай і страхам. Божая Маці падняла яго з зямлі і сказала яму: „Мэркуры, выбраньча мой! Пасылаю цябе! ідзі пасьпешна, ўчыні помсту крыві хрысьціянскай; ідзі, упакор злыднага цара Батыя і ўсё войска яго! Пасьля прыдзе да цябе чалавек, прыгожага аблічча: аддай яму ў рукі ўсю зброю сваю, і ён адсячэ табе галаву; ты-ж вазьмі яе ў руку сваю і ідзі ў свой горад; там прымеш сьмерць, і паложана будзе цела тваё ў маей царкве“. Мэркуры вельмі ўстужыў аб тым і заплакаўшы мовіў: „О Прачыстая Богародзіца, Маці Хрыста Бога нашага! Як-жа я, грэшны і худы, непатрэбны раб твой, магу быць сільны на гэткі чын! Хіба-ж недастала Табе нябесных сіл, о Валадарыца, перамагчы злыднага цара?“ Пасьля ўзяў ён ад яе благаслаўленьне, і ўвесь узброены быў і адпушчаны, і, пакланіўшыся да зямлі, выйшаў з царквы. І знайшоў там прахаробрага каня; сеў на яго і выехаў з гораду. Дасьцігшы палкоў злыднага цара, божай помаччу і Прасьвятой Богародзіцы, пабіваў ён ворагаў, забіраючы палонных хрысьціянаў і адпушчаючы іх у свой горад; і насіўся ён па палкох, як арол лётае па паветры. Злыдны-ж цар, бачучы перамогу над людзьмі сваімі, агорнуты быў страхам і жудасьцю, і хутка ўцёк ад гораду таго без пажытку, з малой дружынай. І ўцёк ён у Угры, і там быў забіты царом Сьцяпанам“.

„Тады зьявіўся Мэркурыю прыгожы ваяр. Мэркуры пакланіўся яму і аддаў ўсю сваю зброю; пасьля нахіліў сваю галаву і быў сьцяты. І, благаслаўлены, ўзяўшы галаву сваю ў адну руку, а другой вядучы каня пад уздцы, прышоў у свой горад абезгалоўлены. Людзі-ж, гледзячы на яго, дзівіліся Божаму устраеньню. І так дайшоў ён да Малогінскіх варот. Нейкая дзеўка, выйшоўшы па ваду, убачыла, як сьвяты ідзе без галавы і пачала яго непрыстойна лаяць. Ен-жа ў тых варотах лёг і чэсна аддаў душу сваю Госпаду, і конь яго зьнік з вачэй“.