Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

„І прышоў архібіскуп таго гораду з крыжамі і з множствам народу, каб узяць чэснае цела сьвятога. І ня даўся ім сьвяты. Вялікі плач быў тады ў людзёх і прычытаньне, што не схацеў сьвяты падняцца; архібіскуп-жа быў вельмі зьдзіўлены, молючыся аб тым Госпаду. І быў да яго голас, мовячы: „О, слуга Госпаду! не смуціся гэтым! Хто паслаў яго на перамогу, той і пахавае“. І тры дні ляжаў сьвяты не пахаваны. Архібіскуп усю ноч бяз сну прабываў, молючыся Богу, каб выявіў яму гэту тайну. І гледзячы ў аконца сваё, проста да саборнай царквы бачыць ён: ясна, ў вялікай сьветласьці, як у сонечнай зарэ, вышла з царквы Прачыстая Богародзіца з Арханеламі Госпадавымі, з Міхайлам і Гаўрыелям, і, дайшоўшы да таго мейсца, дзе ляжала цела сьвятога, ўзяла яго Прачыстая Богародзіца ў палу сваю, і прынясла ў сваю саборную царкву, і палажыла на яго мейсца, дзе дагэтуль, бачаны ўсімі, творыць цуды ў славу Хрысту Богу нашаму, вохнучы як кіпарыс. Архібіскуп-жа, ўвайшоўшы раніцай у царкву, ўбачыў праслаўнае дзіва: сьвяты ўжо ляжаў на сваім мейсцы, спачываючы. Зышоўся народ, і бачучы тое дзіва, праслаўляў Господа Бога“.

Гэткая ёсьць рэдакція „народная“. Важнейшыя пункты, на якія трэба зьвярнуць у ёй увагу, ёсьць ніжэйпісаныя:

1. Мэркуры выступае тут чыста народным героям. Прынамні, ў гэтай рэдакціі няма і сьледу аб рымскім ці нямецкім яго паходжаньні.

2. Усё акружаньне героя ідэальнае. Конь чакае яго пры выхадзе з царквы, зрэшта конь гэты нязвычайны. Абезгалоўлены Мэркуры прывёў яго з бітвы ў горад, дзе ён цудоўна зьнік, стаўся нябачным. Гэты цудоўны конь прыпамінае нам дахрысьціянскае багомленьне коней, якое мае адгалосак у міце аб Сьлейпнару, каню Одына, аб каню Сьвятавіда заходных славянаў, аб вілаватым ці вешчым каню ў сэрбскім эпосе, аб Сіўцы-Бурцы — Вешчай Буланцы нашых казак і інш. Як-бы там не было, а толькі цудоўны конь Смаленскай пагудкі паказуе на жывы зьвязак яе з народным эпосам.

3. Паводле гэтай рэдакціі сьвяты герой змагаецца не з татарскім волатам, а з усім Батыявым войскам, і, што асабліва важна, — забівае Мэркурага ня сын волата, ў помсту за забойства бацькі, а нехта „чалавек прыгожага аблічча“, або, як сказана ў другім мейсцы, „прыгожы ваяр“. Мэркуры павінен быў, па загаду Богародзіцы, пакорна аддаць яму сваю зброю і, каб быць сьцятым — пахіліць перад ім галаву. Ясна, што не ад татарына, нават не ад звычайнага чалавека прыключылася яму сьмерць, але ад нейкай істоты прыгожай, ад прыгожага ваяра, якімі выабражаюцца ў старасьвецкай літэратуры анелы. Споўніўшы загад Богамаці, выпаўніўшы сваё назначэньне ў сьвецкім жыцьці, Мэркуры павінен быў у расквіце сваіх годаў пазбыцца жыцьця. Сьмерць павінна была накінуць сваю таемную павалоку на няведамыя, гэтак сама таемныя стасункі героя з сьветам цудоўнага, няземскага. Народнай фантазіі шкада было выставіць харобрага свайго магута ахвярай татарына. Ен заслужываў лепшай долі, і ўжо калі ня суджана было яму жыць, то няхай лепей самахоць і ціха аддасьць ён сваю душу ў рукі няземскай, сьвятой істоты. Зрэшта пакінута было яму жыцьцё да таго часу, пакуль ён ня дойдзе да свайго гораду. Для гісторыі народнай паэзіі, як здаецца, ня трэба