Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

упускаць з-пад увагі, што „прыгожы ваяр“, які сьцяў Мэркурага, ў тэксьце не названы анелам. Знача, гэта зьверхнатуральная істота, можа, — ня што іншае, як слабы адсьвет старэйшага, дагістарычнага міту, адгалосак якога колечы сьветлага бога паганскіх часаў.

4) Мяйсцовыя рысы відаць у тым, што Мэркуры да свайго геройскага выступу „часта хадзіў да крыжа Госпадава маліцца за грамаду („мір“), завомую „Пятроўскага Ста“, і што вярнуўшыся з бітвы, абезгалоўлены „дайшоўшы да варот Малогінскіх“ — быў сустрэчаны ў гэтых варотах дзеўкай, якая ішла па ваду і, ўбачыўшы сьвятога, пачала непрыстойна лаяць яго, — дзіўная і наіўная падробнасьць, відаць чыста народнага і мясцовага паходжаньня.

Урэшце, 5) ўся пагудка, паводле „народнай“ рэдакціі, вызначаецца прастатой, незавіласьцю і кароткасьцю, наперакор завілай і велягорнай штучнай рэдакціі. Зрэшта, як мы ўбачым далей, і гэта апошняя, літэратурная, рэдакція дае нам магчымасьць дагледзіць некатарыя новыя народныя асновы, якія часьцю увайшлі ў яе зьмест. Але, каб ясьнейшым быў нам склад яе, спярша трэба пазнаёміцца з некатарымі рысамі смаленскай легенды-пагудкі з кантаў і хваласьпеваў. Да гэтага паслужыць нам рукапіс Бібл. гр. Уварава № 681, карта 404–420.

Гэтыя пахвалы вельмі істотна рожняцца сваім зьместам ад народнай рэдакціі і ва ўсіх галоўнейшых пунктах выяўляюць гэткае зыходжаньне з рэдакціяй літэратурнай, што прост сьведчаць аб ачавістым уплыве аднаго літэратурнага твору на другі. Мабыць не літэратурная рэдакція увайшла ў аснову пахвал і разьбілася на часьці, а наадварот — аўтор гэтай редакціі карыстаўся пахваламі, прыводзячы ў сыстэму ўсё тое, што было разсыпана ў пахвалах і малітвах з многімі паўтарэньнямі і распашырэньнямі.

У карысьць гэтай дагадкі гаворыць адна характэрыстычная падробнасьць у пахвалах, ужо выкінутая ў літэратурнай рэдакціі пагудкі, як анахронізм ці незразумелае збочаньне. Хоць і гаворыцца ў кантах, што Мэркуры змагаўся з Агаранамі, с Татарамі, напр. на балоне 409: „тут перамог многа войск татарскіх“, — але шмат часьцей ворагамі Мэркурага і Смаленска называюцца тут не Татары, а Печанегі; напр, на адв. 404 б. пахваляецца Мэркуры: „яко злога богаборца цара Батыя набегшы скінуў і волата перамог і злочынных Печанегаў крэпка паразіў“; 405 адв.: „яко зьдзівілася анельскае войска, бачучы тваё крэпкае змаганьне супроць злых Печанегаў“ 412 і адв.; — „калі злы богаборац цар Батый бачыў як волата забіў і многае множства Печанегаў пабітых, і не важыўся гораду аблогу ўчыніці, і ўцёк пасаромлены ад Богародзіцы, дзіўнейшай заступніцы нашай“: 413 і адв.

Гэтае дзіўнае памяшаньне Татараў с Печанегамі адкінута ў літэратурнай рэдакціі пагудкі, якая, зрэшта ва ўсіх іншых падробнасьцях выяўляе самае поўнае зыходжаньне з гістарычнымі мяйсцамі кантаў. З гэтага відаць, што ў легендзе ўжо папраўлена тое, што было супярэчлівым у яе крыніцах.

Ведама, ў многіх здарэньнях ня трэба зьвяртаць сурьёзнай увагі на анахронізмы і памяшаньне гістарычных фактаў у старадаўныхъ помніках пісь-