Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

Прачыстай яго Маці, клічучы і кажучы: Слава Табе Іісусе сыне Божы! Слава Табе, сьвятая Богародзіца, збаў нас ад агаранскага гвалту і горкага тамленьня! Калі-ж нам даравала стократнае і міласэрнае заступніцтва, Гаспаджа і Богародзіца, тады ўсклікнулі да Богародзіцы шчыра молючыся, сьлёзы праліваючы і кажучы: Прасьвятая Гаспаджа і Богародзіца! Ты збавіла род хрысьціянскі ад пякельных мук, і цяпер нас збавіла ад паганскай навалы, і злога і агіднага паняволеньня і пасячэньня! Мы-ж Цябе, Богародзіцу, сьпевамі славім і вялічаем і пакланяемся Прачыстаму Твайму абразу“.

Перш, пакуль установім літэратурнае значэньне гэтага мейсца, трэба дзеля яснасьці прыпомніць, што мастацкая форма уасобленьня зямлі, хоць і згаджаецца з народным мітолёгічным выабражэньнем: аб Маці Сырой Зямлі, але ў нашу духоўную літэратуру увайшла праз Візантыю і падтрымлівалася старахрысьціянскай літэратурай (Зраўняй „Златоструй“ у 135 слове „Плач зямлі і мора“).

Поэтычнае уасобленьне зямлі ў вачох нашых пабожных прашчураў ня толькі ня мела ў сабе нічога паганскага, але нават прыпамінала сьвятарныя выабражэньні мастацтва і літэратуры. У гэтым здарэньні, як і ў шмат якіх другіх, народныя, сваяземныя вераньні знайшлі сабе пацьверджаньне ў чужаземнай штучнай літэратуры, здаўна прынесенай да нас у перакладах. Якія-бы не былі погляды пры уасобленьні зямлі ў смаленскай легендзе, мясцовыя, крыўскія, ці візантыцкія, — у кождым здарэньні мясцовае і гістарычнае дапасаваньне іх дае ім чыста народны характар. У данным здарэньні тут разумеецца толькі Зямля Крыўская. Яна жаліцца на навалу татарскую, як на няшчасьце, робленае як бы жыхарамі не зямлі, а нейкай другой, бязбожнай планэты. Гэткае нелёгічнае звужаньне паняцьця аб зямлі, гэткае зацесьненьне паняцьця да вядомага краю, — самы звычайны сьветагляд у эпічнай паэзіі. Праўдзівая зямля — толькі тая, на якой жыве крыўскі народ, гэта — крыўская зямля; ўсё іншае, што акружае гэтае жыльлё праўдзівых людзей, праўдзівых хрысьціянаў — напоўнена воражымі, праклятымі сіламі, нягоднымі збаўленьня і засужданымі на вечную пагібель.

І вось, уасобленьне ў смаленскай легендзе, з паняцьцем зямлі, злучаеца з выабражэньнем зямлі крыўскай. Яна, — дзеталюбівая маці ўсіх прававерных, зн. крывічоў — бачучы як ад пазухі яе прававерныя вырываюцца і пасякаюцца, застагнала і клікнула: „О, дзеці мае! загнявілі вы Госпада свайго, а майго Стварыцёля і Бога“. Але, калі так смуцілася зямля — і прававерныя зьвярталіся з удзячнай малітвай да Богародзіцы і яе справядліўца Мэркурага аб ратаваньні горада Смаленска і ўсей зямлі Крыўскай, то ў гэтым урочыстым лірызме сьпеву, жыва чуецца, як „Маці-Сыра-Зямля“, гэта — Маці ўсіх людзей, пакорна перадае сваё заступніцтва Маці Нябеснай.

Плач і тамленьне зямлі ад навалы татарскай шчырасьцю і сьвежасьцю лірызму, прымушае думаць, што гістарычныя асновы смаленскай легенды злажыліся ў эпоху змаганьня з татарамі. Калі народная рэдакція смаленскай легенды пераносіць нас у дагістарычныя часы народнага эпосу, і калі Печанегі, што ўпамінаюцца у пахвалах, паказуюць на сляды яшчэ старэйшых пагудак, —