Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

сказала сьвятая Богародзіца, і тут перамог многа войск татарскіх, і астаўшыяся барбары разьярыліся сэрцамі і разгарэліся марнадумнымі душамі на богахоўны горад Смаленск. І бачылі жанку правялікую і прасьветлую, сонцападобную, з множствам войск нябесных, і спужаўшыся, скора ўцяклі ад на“.

Аб забіцьці сьвятога ў адным мейсцы сказана глуха:

„Калі злыя Агаране адсеклі галаву сьвятому Мэркурыю, і ўзяў яе сам сьвяты і прынёс у горад, перад усімі людзьмі гаварыла і пяяла галава, як адбывалася перамога і якое ад Богародзіцы заступніцтва і сьвятому ад яе дапамога“.

Але ў другім мейсцы больш акрэсьлена:

„Сканчаўся сьвяты ад волата; Мэркурыю мячам усечана галава“.

З пададзеных выпісак відаць, што песьні гэты былі ўложены ў Смаленску, які дзеля гэтага і называецца заўсёды: наш горад. Што датыча да часу, калі складаліся гэтыя пахвалы ў іх даканчальным выглядзе, то трэба аднясьці іх да першай палавіны ХVІ ст. У гэтым-жа часе была ўложана і літэратурная рэдакція смаленскай легенды, якая увайшла ў Макар’еўскія „Четьи Минеи.“ Аб гэтым сьведчаць наступныя мейсцы літэратурнай рэдакціі: „… усходнай старане было вялікае радаваньне усей расійскай зямлі самадержцу гасудару нашаму цару вялікаму князю“. — „І цяпер сьвяты выпрасі цару і гасудару нашаму вялікаму князю здароўе і на супастатаў перамогу“.

Што да зьместу, дык літэратурная рэдакція рожніцца ад пахвальных вершаў у трох пунктах:

1) прапушчана вестка аб Печанегах;

2) прапушчана апавяданьне аб уцяканьні Батыя ў Угры;

3) дададзена аб забойстве Мэркурага сынам паваленага ім волата.

Зрэшта, апошні пункт, які не ўвайшоў ні ў народную рэдакцію, ні ў хваласьпевы, здаецца, ня цьвёрда быў яшчэ устаноўлены, калі смаленская легенда была ўнесена ў Макарьеўскую Чэцью-Мінэю; дзеля гэтага аб забойцы Мэркурага ў ёй сказана глуха: „варварын лют или сын того исполина“. Але пасьля гэта неакрэсьленнасьць была заўважана і папраўлена; па сьпіску ХVІІ ст. разьдзяляючы злуч „или“ выкінуты, і забойства прыпісана „лютому варвару, сыну исполина“.

Разгледзіўшы галоўныя матывы смаленскай легенды аб Мэркурым, ў выніку спробуем даць вывады.

1) У аснове смаленскай легенды захаваўся найдаўнейшы народны міт аб маладым веснавым сонцу, якое ў постаці ярага грамавіка пабівае агіднага волата — духа цемры і холаду. Калі-ж пад уплывам новай хрысьціянскай веры даўныя багі пачалі замяняцца ў людзей, то мясцовы міт прыбраў рысы націянальнага героя, і яго дзеяньні былі зьвязаны з даўнымі, але яшчэ памятнымі народу змаганьнямі з Полаўцамі. Як ведама, Смаленская зямля ня была паярэмлена Татарамі, — і гэтае апошняе здарэньне само-сабой было народам прыпісана сьвятому Мэркураму. Згэтуль атрымалася памяшаньне ў хваласьпевах Полаўцаў і Татараў. Дамешка ў гэту гісторыю Ізмаіліцян і Агаран па-