Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/76

Гэта старонка не была вычытаная

казуе на тое, што сьпевы і нават т. з. народная легенда, прайшлі праз рукі кніжнікаў і былі перанесены духавенствам на грунт хрысьціянскі. Літэратурная рэдакція, ўнесеная ў Чэцьі-Мінэі, апрацавана была пасьля заваяваньня Смаленска Масквой, знача — пасьля утраты Смаленскам свае незалежнасьці. Націянальны міт заваяванай зямлі, заваёўнікі зрабілі спробу анэктаваць, пераносячы яго цалком на грунт змаганьня паярэмлянай Русі з Татарамі. Гэткую, меней-болей, эволюцію прайшоў смаленскі міт (аб Ярым Пяруну, пабіваючым Кашчу зімы і халадоў) у сваім гістарычным паходзе, ад часоў глыбокай паганшчыны да хрысьціянства, і, ўрэшце — да часаў утраты Смаленскам свае незалежнасьці.

2) Смаленская легенда аб Мэркурым носіць глыбока націянальныя рысы: гэта — герой выключна Крыўскай зямлі, які дбае выключна аб сваім горадзе і сваім народзе прававерным, ў стасунку да якога ўсе акружаючыя яго зьяўляюцца нявернымі, барбарскімі. Сьвяты Мэркуры, паводле легенды, зьяўляецца няўсыпным старожам свае зямлі. На яго гробе смаленцы пераховывалі яго зброю і копье, якія служылі націянальнымі рэгаліямі, бо іх надзявалі на вянчаных крэўскіх князёў ня толькі Смаленскіх, але і Полацкіх, дзеля якой мэты ў важнейшых крыўскіх цэнтрах у мясцовых сьвятынях пераховываліся, як нацыянальная рэліквіі часьці зброі сьв. Мэркурага.[1] Вера ў тое, што націянальны крыўскі герой уставаў з гробу, ўзбраіваўся ў сваю зброю, садзіўся на вешчага каня выступаў у кождай вайсковай патрэбе краю, падсунула мысль Крывічом выабражаць сьв. Мэркурага на дзяржаўных пячатках і дзяржаўных сьцягах. І, запраўды, на ўсіх княжых пячацях часоў дзяржаўняй самаістасьці крыўскіх зямель, мы бачым два выабражэньні: Богародзіцу з аднэй стараны і сьв. Мэркурага на белым кані з другой стараны.

Што датыча імя героя — Мэркуры, — то яно праўдападобна падменена ў хрысьціянскія часы, такжа, як у зах. славянаў, дзе замест паганскага Сьвятавіда, атрымаўся сьвяты Віт. Аснова м р у імені Ільі Мурамца і Мэркурага дае падставу думаць, што абодвы гэты імёны маскуюць сабой з падобнай-жа асновай паганскае імя, ці эпітэт бога Грамавіка. Імя Мурамца — Ільля дае просты на гэта паказ, бо ўсе атрыбуты Пяруна, як ведама, народ пад уплывам духавенства перанёс на сьв. Ільлю. У Кіяўскім Пячэрскім манастыры між іншымі грабніцамі сьвятых і слаўных людзей, як ведама, істнавала і грабніца „блажэннага“ Мурамскага ваяра Ільлі. Раннае заваяваньне Кіява варагамі прычынілася да ператварэньня мітычнай постаці Украінскага героя Ільлі ў княжага слугу, і, наадварот, сэпэратыстычны (а пазьней, па доўгім змаганьні, цалком незалежны) Смаленск з мітычнай постаці мясцовага магута вытварыў ідэальную постаць націянальнага героя, а з часам, згодна з духам часу, — націянальнага сьвятога.

Што датыча сьцяцьця Мэркурага сьветлай нябеснай постацьцю, то абясьненьне гэтага эпізоду знаходзім у быліннай аповесьці аб тым, як перавяліся магуты на Русі. Пры пераходзе ад стараславянскай мітолёгіі да хрысьціянскай, старыя багі павінны былі замерці, бо мейсца іх заступалі новыя,

  1. У Полацку пераховываўся паяс сьв. Мэркурага.