Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

Гэткім чынам нямецкія купцы прыпадкова адкрылі усьця Дзьвіны; да таго часу яны зусім не зналі гэтых мейсц, так добра вядомых скандынаўцам. Гэтае здарэньне мела вельмі важныя вынікі.

Прыбыцьцё Немцаў да усьцяў Дзьвіны „Рытмаваная Кроніка“ (Reimchronik) адносіць на палавіну ХІІ ст. (раней 1143 году): большасьць гісторыкаў думае, што гэта былі брэмэнскія купцы.

Немцы спярша ня мелі ніякіх заваёўніцкіх мэт, але хутка сталася рэзкая перамена.

Трэба думаць, што нямецкія купцы прыязджалі з таварамі вясной, таргавалі ўсё лета і восеньню вярталіся назад. Разам з купцамі прыбыў неўзабаве сюды:

„пашаны годны і пасівеўшы ў пабожнасьці муж, бездаганны сьвятар, па імю Мэйнгард, які распаліў слова Божае сярод паганскага народу“.

Пропаведзь Мэйнгарда пачалася ў 1186 годзе; да гэтага-ж часу адносяць і пабудаваньне царквы ў Ікскулі (1184–1185).

Мэйнгард умела павёў сваю справу. Перш за ўсё ён пастараўся атрымаць пазваленьне на прапаведываньне хрысьціянства сарод Ліваў, ад полацкага князя Валадзімера, якому Лівы ў тыя часы плацілі дань. Кроніка Гэнрыка Латыша даслоўна так апавядае аб гэтым:

„Мэйнгард атрымаўшы пазваленьне ад полацкага князя Валадзімера ў якога Лівонцы (Liv), былі ў падданстве і прыняўшы ад яго дары, сьмела прыступіў да Божай справы“…

Пропаведзь Мэйнгарда ўсьціжна шырылася, так што брэмэнскі архібіскуп пасьвяціў яго ў біскупы. Каб утрымаць у паслушнасьці новахрышчоных Лівонцаў, Мэйнгард зьвярнуўся да папежа, які апавесьціў крыжовы паход на Ліваў.

Мэйнгард хутка памер. Наступнік яго, біскуп Бэртгольд, быў забіты ў хуткім часе пасьля прыезду ў Лівонію. Яго наступнікам быў Альбэрт, чалавек шырокага розуму, энэргічны і далёкабачлівы. Бачучы, што бытнасьць біскупаў у Ікскулі, дзеля адлегласьці ад мора — небаспечна, Альбэрт выбраў у 14 вярстах ад мора мейсца, якое Лівы называлі Рыгай, і тут, вясной 1201 году залажыў горад; новы горад быў названы Рыгай.

У 1203 годзе залажыўся вайскова-мнішскі ордэн „Брацьцяў Ваяроў Хрыстовых“ (Frter militiae Christi), ведамы пазьней пад назовай Лівонскага ордэну або Крыжакаў; азнакай іх быў чырвоны крыж і меч на белым плашчы. Ужо да 1207 годзе крыжакамі былі заваяваны ўсе лівонскія землі, а ў хуткім часе такжа землі латышскія і эстонскія.

Першую вядомасьць аб таргоўлі рыжскіх Немцаў з Крывічамі знаходзім у тэйжа крыніцы Гэнрыка Латыша. У год заснаваньня Рыгі адзін купец плыў уніз па Дзьвіне, хочучы праплыць паміма Рыгі, але тут быў затрыманы Немцамі і забіты разам з корнікам, пасьля чаго рэшта людзей на вадаплаве павінна была вярнуцца назад. (А. Сапуновъ „Рѣка Западная Двина“ Вітабск, 1893 б.б. 264–269).

УМОВА ПОЛАЦКА З РЫГАЙ 1210 Г. Аб гэтай грамаце знаходзім у летапісца Гэнрыка Латыша гэткія падробнасьці: