Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

„У той час царква лівонская была прыгнечана рускімі і літоўскімі плямёнамі, якія імкнуліся яе зьнішчыць; а дзеля гэтага Рыжане пастанавілі паслаць да полацкага князя даведацца ці няможна будзе заключыць угоду на якіх колечы варунках; з гэтай мэтай быў пасланы Рудальфъ Эрых з некалькімі другімі асобамі."

Але што гэтае пасольства не дасьцігла Полацка (па дарозе яно было ўцягнута ў бітву з Эстамі, каля Вэндэна), — то

„пасланы быў Арнольд, брат войска Хрыстовага (рыцар), да полацкага князя дзеля таго, каб гэты апошні заключыў мір і адкрыў рыжскім купцом вольны шлях у сваю зямлю. Князь прыняў іх ветла, хоць не без тайнай хітрасьці; разам з імі ён паслаў Лудольфа са Смаленска, мужа паважнага і вельмі багатага; яны разам прыйшлі ў Рыгу і вылажылі варункі князя, якія падабаліся рыжанам; тады паміж князям і Рыгай быў заключаны вечны мір, але з тым варункам, што Лівы, або замест іх біскуп, павінны даваць дань князю полацкаму; і ўсе узрадаваліся, тым больш, што цяпер стала магчымым ваяваць з Эстамі і другімі суседнімі плямёнамі."

У гэтай першай умове крыўскіх гарадоў з Рыгай, паводле ўсякай праўдападобнасьці прыймаў удзел і Вітабск, мяркуючы з яго заўсёднай блізкай сувязі з Полацкам, а такжа і Смаленск; на удзел апошняга паказуе спомнены вышэй купец Лудольф са Смаленска. Праўдападобна ён атрымаў поўнамоччы ад князя Мсціслава Раманавіча, які ў той час быў князям у Смаленску (1197–1212 г.).

УГОДЧАЯ ГРАМАТА КРЫВІЧОЎ З НЕМЦАМІ 1214 Г. Срезневскій („Славяно-руская палеографія“ СПБ. 1884, б. 168) упамінае ў ліку загінуўшых і прыпісуе яе смаленскаму князю Мсціславу Раманавічу. Мсціслаў Раманавіч княжыў з 1197 да 1212 г. у Смаленску; дык заключэньне гэтай граматы ня можа быць прыпісана Мсціславу Раманавічу.

Гэнрык Латыш падае гэткія падробнасьці з падзей, якія маглі прыпадаць на 1212–1214 годы. Полацкі князь праз два гады пасьля заключэньня з Немцамі умовы 1210 году назначыў Рыжскаму біскупу пабачаньне каля Гэрцыка. Князь пачаў горача пераконываць і пагражаць біскупу, каб ён пакінуў пропаведзь і хрышчэньне Ліваў, яго падданых, якіх ён, князь, волен хрысьціць ці пакінуць саўсім не хрышчонымі: бо — заўважае кронікар — крыўскія князі ня маюць звычаю навяртаць у хрысьціянства, а толькі зьбіраюць з іх дань. На гэта біскуп адказаў, што ён ня можа адмовіцца ад абавязку, узложанага на яго сьв. айцом папежам; Валадзімер разгневаўся, — і ледзь не дайшло да стычкі людзей, якія былі ў почце князя і біскупа. Але пасьля пагадзіліся на гэткіх варунках: полацкі князь адмовіўся ад сваіх вярхоўных правоў на Лівонію, а супроць Літвіноў і другіх паганаў заключыў з біскупам сувязь; што датыча купцоў, то, па даўнаму, Дзьвіна апавешчана вольнай для іх плаваньня.

Але ў 1216 годзе Валадзімер Полацкі ізноў пасварыўся з Рыгай і сабраўшы вялікае войска з Крывічоў і Літвы, хацеў ужо плысьці на аблогу Рыгі, ды ўходзячы ў вадаплаў, неспадзеўна памер (Сапуновъ „Западная Двина“).