Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

нам, што найменьне „Русь“, укладаўшымі гэныя граматы дэлегатамі, ўжыта было ў саўсім іншым значэньні.

Для абазначаньня нямецкай стараны ў граматах ужываецца не адно, а два найменьньні „немци“ і „латинеський“. Першае найменьне ў нашы часы разумеецца як назоў германскай націі і ўжываецца цяпер толькі ў гэтым значэньні. Даўней-жа тэрмін „немец“ меў значэньне падвойнае: 1) як, наагул, чалавек другой, чужой, незразумелай мовы, з якім нельга было згаварыцца і 2), як спэціяльная назова для людзей лацінскага (каталіцкага) абрадку. Словы „немецьки“ і „латинеськи“ ў нашых тарговых умовах стаўляюцца як адназначныя, прыкл. „оу немецкои божницы“, „у латинеськой церкви.“ І гэта саўсім згодна з гісторыяй. У гэткім значэньні словы „немец“, „нямецкая вера“ ўжываліся ў нас да ХІV ст. бо немаль адзінымі прадстаўнікамі рыма-каталіцкага абрадку на крыўскіх (беларускіх) землях былі ў тыя часы прыхадзіўшыя з захаду купцы з нямецкіх гарадоў.

Слова „латинеськи“ само сабой ясна, — яно азначае лацінскую веру.

Тарговыя умовы і граматы названых вышэй гарадоў даюць перавагу слову „латинеськи“ над словам „немецки“.

З гэтага адзіна праўдны вывад, што прадстаўніцтва Ганзэйскіх гарадоў, пры заключаньні умоў з Крыўскімі гарадамі, выступала пад адзінай, злучаючай іх усіх, веравызнаўчай азнакай. У данным здарэньні са стараны Рыгі выступаюць прадстаўнікі не нямецкага „языка“, а лацінскага абрадку аб якіх дзе-недзе зазначана „немцы“.

Калі адна старана выступае, як прадстаўляючая людзей азначанага абрадку, то, паводле законаў лёгікі, і другая старана павінна была ўжыць назоў, які адпавядаў-бы па зьместу першаму, г. зн. выступіць пад назовам аб’еднуючай рэлігіі. Толькі ў гэткім значэньні тэрміны: „латинеськи“ і „русин“, стаячыя побач, будуць натуральны і зразумелы. Калі-ж дапусьціць, што адна старана называе сябе рэлігійнай азнакай, а другая процістаўляе ёй свой этнографічны назоў, то гэткая рожнаякая тэрміналёгія будзе абсурднай у так важным дакуманце.

І гэта тэрміналёгія саўсім згодна з тагочаснымі паняцьцямі. У вачох старадаўнай інтэлігенціі, як заходна-эўропэйскай, так і нашай, рэлігійныя азнакі мелі шмат большае значэньне, чым якія іншыя. Кождая старана, шукала ў элемэнтах, даступных тагочаснаму разуменьню, ў праціўнай старане азнак агульных; гэтыя азнакі былі знойдзены ў пануючых у тэй і другой старане абрадах. Для Крыўскіх дэлегатаў, якія пісалі умову, ўся праціўная старана была, ясна, веры „нямецкай“, або што адно і тое-ж „лацинскай“. Немцы-ж і ў Смаленскай, і ў Вітабскай, і ў Полацкай валасьцёх сустрачалі адзін агульны „рускі“ абрадак.

На гэтай аснове тэрміны „латиньски“, і тэрмін „руски“, былі прызнаны адназначнымі па зьместу, бо першы і другі падкрэсьляюць азнакі рэлігійныя умаўляючыхся старон.

Гэткім чынам тарговыя умовы XIII–XV ст. з Рыгай даюць нам яшчэ адзін лішні доказ, што тэрмін „Русь“ ужываўся і разумеўся ў нас, не як этно-