Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

рапаліта патрыархам Атаназым у 1308 г., памер у 1326 годзе. Біскуп Лука пісаў, як выражаецца летапіс, „лжывыя словеса на мітрапаліта Пятра“ і быў праціўны высьвячэньню яго ў мітрапаліты.

Узаемастасункі Крывічоў і Літвіноў сягаюць глыбока ў прадгістарычную мінуўшчыну. Паводле сьведчаньня Адама Брэмэнскага, Крывічы, перад прыняцьцем хрысьціянства, езьдзілі ў Курляндзію і Самогіцію на пакланеньне тамтэйшым сьвятыням, а знача, мелі супольных багоў. Карамзін кажа: „найменьне Крывічы дае права думаць, што крыўскае племя таксама як і літоўскае прызнавала першасьвятара Крывэ — галавой свае веры.“

Магчыма, што пад Люцічамі Канстантына Пурпурароднага, якіх ён памяшчае на захад ад Крывічоў, трэба разумець Літву: „Крывічы, Люцічы і др., — кажа Канстантын, — плоцячы дань Русам, зімой вырабляюць чоўны для прадажы, спускаюць іх у бліжэйшыя вазёры і рэкі і вясной са сваіх рэк прыходзяць да Дняпра, адкуль у Кіяў, дзе выцягнуўшы чоўны на бераг для агляду, прадаюць кіяўскім Русам“ („Monumenta Poloniae Historica“ Выд. Bielowsk. Т. І. Lwów 1864 б. 16; Довнаръ-Запольскій „Исторія Кривичской и Дреговичской земель“. Кіяў, 1891, б. 64).

Расійскі гісторык Беляевъ („Очеркъ Исторій Сѣверо-Западнаго края Росіи“ Вільня 1867, б. 15) кажа: … „гісторыя застае Палачанаў і Літвіноў цесна зьвязанымі адны з аднымі“. Гэты гісторык думае, што маці вядомага Полацкага князя Ўсеслава (+ 1101) была літвінка, бо: „Ў самым характары Ўсеслава многа такога, што намякае калі не на літоўскае яго паходжаньне па матцы, то на выхаваньне ў літоўскіх абычаях… ў яго характары праглядаюць рысы другога (ня рускага) спосабу жыцьця“ (бал. 20).

Па сьмерці Усеслава, сын яго Глеб, князь Менскі (1118) вядзе доўгае і упорнае змаганьне з Алегам Сьвятаславічам Чарнігаўскім за Оршу і Копысь і з Валадзімерам Манамахам Кіяўскім за Слуцак, Пінск і Тураў пры помачы Літвіноў.

Крыжовым паходам ўсяго роду князёў-Русаў у 1127 г. крыўскія землі былі заваяваны і часьць князёў узята ў няволю і выслана ў Царград, але рэшта крыўскіх князёў уцякла ў Літву і пры помачы Літвы непакоіла Мсціславага сына Ізяслава, які заняў Полацак. „Мсціслаў атрымаўшы пэўныя ведамкі ад сына, што сіла палачан скрываецца ў Літоўскай зямле і што не заваяваўшы яе, нельга валадзець Полацкам, ў 1132 годзе выступіў у паход са сваімі сынамі і Чарнігаўскімі князямі ў літоўскую зямлю… Але паход няўдаўся. Рускіх князёў Літвіны і Крывічы крэпка пабілі“ (Беляевъ б. 30).

У 1159 годзе адзін з Менскіх князёў, Валадар Глебавіч, брат Менскага князя Расьціслава Глебавіча, „хадзіў па лясох паднімаць Літву“ супроць кіяўскіх Русаў, на помоч Менску. Крывічы разам з Літвінамі ваююць супроць князёў Кіяўска-Чарнігаўскіх (Русаў) ў 1166 годзе (П. С. Р. Л. ІІ, 306; Карамз. ІІ, 182, пр. 138), ў 1167 годзе (Іпат. л. 6673), ў 1169 годзе (Карамзін, ІІ, 723), ў 1180 і 1181 годзе Narbut III, 300), ў 1198 г. (Карамзін III, 63).

Ціснутыя з поўначы, ўсходу і поўдня дынастыяй Русаў, крыўскія князі адыходзілі на захад у Літву; абасновываліся тут, радніліся з літоўскімі князямі і наадварот літоўскія князі радніліся з крыўскімі.