Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

ёсьць галіной роду крыўскіх, Полацкіх князёў. Прыкладам сьпісак вышэй пастаўлены першым (Пагодзінскага сабраньня № 1404) кажа аб гэтым так:

„У великого князя Володимера Святославича другой сынъ Ізязлавъ, у Ізяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ (Давид?), у Давила сынъ Видъ, его-же люди Волъкомъ звали; у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиминъ.“

Васкрэсенскі летапіс і многія другія сьпіскі памятаюць і некатарыя іншыя падробнасьці, прыкладам, што пасьля крыжовага паходу Рурыкавічаў на Крыўскіх князёў (у 1127 годзе) і высылкі палоненых у Царград:

… Вільняне взяша собѣ іс Царяграда княза Полотцкого. Ростислава Рогволодовича детей: Давіла князя да брата его Мовколда князя.

Гэты летапісныя зьменкі ясна пацьвярджаюць спомненую вышэй цесную сувязь Крыўскай і Літоўскай дынастый, але разабрацца ў іх радаводах пакуль што нікому неўдалося. Перашкаджае гэтаму страшэннае пераблутаньне летапісцамі імён князёў, якія зазвычай мелі па два імені: абычаёва-паганскае і хрысьціянскае, а такжа пераблутаньне хронолёгіі і тэрмінолёгіі гістарычнай. Часта адны і тыя-ж асобы выступаюць у летапісах пад рожнымі імёнамі і пад рожнай гістарычнай тэрміналёгіяй.

Толькі ад Міндаўга „Літоўска-Рускага (Крыўскага)“ князя, пачынаецца пэўная гісторыя літоўскай дынастыі, прызнанай і доўгі час панаваўшай у Крыўскіх землях. Дынастыя гэта сабрала пад сваё панаваньне ўсе крыўскія землі, аб’яднала іх, бараніла і давяла да палітычнага росквіту ў ХІV і ХV cт. Мэндаговічы і Гедымінавічы сваімі трудамі і крывёй палажылі вялікія заслугі і цешацца слушнай пашанай, як у гістарычным нашым мінулым, так і ў сучаснасьці, без ўзгляду на тое, якая ў іх жылах цякла кроў — наша крыўская, ці братняя нам літоўская/

Ад ХІІІ стагодзьдзя і да другой палавіны ХІV ст. наша гісторыя працякала пад панаваньнем „Літоўскай“ дынастыі, а ад ХІV да канца ХVIII ст. пад імем Літвы. Ідзя адзінай для ўсходнага Славянства „рускай“ веры, — носьбітам якой была заўсёды ўлада мітрапалітаў, — навязывала нам другі тэрмін „Русь“. Гэты другі тэрмін спачатку абыймае ў нас усіх, хто вызнае „рускую“ веру, падлягае ўладзе Кіяўскага мітрапаліта. Ў сярэдзіне ХІХ ст. Расійская імпэрыя навязуе нам з асымілятарскімі мэтамі імя „Беларусь“.

І, дзеля гэтага, калі-б мы былі староннікамі дынастычнай тэрміналёгіі, саўсім слушна было-бы нам і сягоньня называцца „Літвой“, „літвінамі“, прынамні маючы далёка больш гістарычных падстаў чым на імя „Русь“. Аднак, не выракаючыся сваіх гістарычных імён, мы вяртаем цяпер ізноў, да першапачатковага нашага імя „Крывічы“, бо гэта ёсьць не дынастычнае, не веравызнаўчае, а народнае імя, нікім нам не накінутае і якое ніўкога не было і ня ёсьць у залежнасьці.