Старонка:Лекары і лекі, Два жаніхі.pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА 5

Дачка
(робіць від, што плача, а, адвярнуўшыся ад маці — сьмяецца).

Маці

Ня плач, дачушка, як выйдзеш замуж, хутка яго забудзеш.

Дачка

Няўжо-ж вы думаеце, яго лёгка забыць? Але я пастараюся забыць яго дзеля вас. Толькі-ж памятайце, калі будзе дрэнны муж, я яго кіну.

Маці

Як гэта, кіну? Ці-ж можна бога гнявіць, павянчаўшыся ды кінуць.

Дачка

Значыць, павашаму вянец — няволя, хоць і дрэнна, а ты плач ды цярпі.

Маці

Ну, што-ж ты зробіш, такі закон.

Дачка

Да чорта такі закон! які прымушае людзей мучацца. Ваш закон устарэў, я буду жыць пановаму, які не прымушае да няволі, а дае поўны прастор да свабоднага выбару — цеснага ўзаемнага саюзу, і гэта будзе куды мацней, чымся папоўскія, ксяндзоўскія або рабінскія.

Маці

А што людзі на гэта скажуць?

Дачка

Ды што мне людзі, усім не дагодзіш, а замуж выходзяць не дзеля таго, каб людзям дагаджаць. Дый пляваць на тых, хто з розуму ўжо выжыў. Жыцьцё абнаўляецца і людзі таксама; я бяру з жыцьця: новае, карыснае і прыемнае.

Маці

Як я бачу, дык ты ўжо занадта разумная стала; гэта праз бязбожніка Мікодку ў галаве паблыталася.