Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

карчом хваёвым; немаль мне ўсяго твару не скалечыў каб яму пуста было; ды я ня дурань — адскочыў. Эгэ, хлопча, вось які ён злы!“…

— „А як-жа ён выглядае?“

— „А выглядае ён усе роўна, як старая вярба, што стаіць на балоце. Вельмі падобны!.. І валасы, як сухая амяла, што вырастае на дрэвах і барада таксама, а нос — як здаравенны сук, а морда каравая, быццам абрасла лішаямі… Цьфю, які нехарошы! А не дай Божа ніводнаму хрышчонаму падобным быць да яго… Далібог! Я, такі, другі раз на балоце яго бачыў блізка… Калі хочаш, прыходзь зімою, дык і сам яго ўбачыш. Залезь туды на гару, — лесам тая гара абрасла, — ды залазь на самае высокае дзераво, на самы верх. Вось адтуль іншы дзень і можна яго ўбачыць: ідзе ён белым стоўпам над лесам, так і круціцца сам, з гары ў даліну спаўзае… Пабяжыць, пабяжыць, а пасьля ў лесе і прападзе. Эгэ!.. А дзе пройдзе, там і сьлед белым сьнегам высьцілае… Ня верыш старому чалавеку, дык калі-нібудзь сам паглядзі.“

Разгаварыўся стары. Здавалося, што жвавая й трывожная гутарка лесу й грымоты, якіе навісьлі ў паветры разагравалі старую кроў. Дзед махаў галавою, ўсьмехваўся, маргаў зьліняўшымі вачыма.

Але раптам быццам нейкі цень прабег па высокім, згараным сказінкамі лобе. Ён таўкануў мяне лакцём і таямніча сказаў:

— „А ведаеш, хлопча, што я табе скажу?!. Ён, вядома, гаспадар лясны, — паскуднае стварэньне, гэта праўда. Хрышчонаму чалавеку крыўда ўбачыць гэткую нехарошую морду… Ну, але трэба толькі аб ім праўду сказаць: ён ліха ня робіць… Пажартаваць, з чалавекам, пажартуе, а каб ліхо рабіць, гэтага ня бывае“.