Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

сваё чалавек гэты ў лесе жыў адзін: мядзьведзь яму, людзі казалі, ўсе роўна, як брат, а воўк — сыновец. Кожнага зьвяра знаў ён і не баяўся, а ад людзей ухіляўся і не глядзеў навет на іх… Вось ён які быў — далібог, праўда! Бывала, як ён на мяне гляне, дык мяне па плячох нібы кошка хвастом павядзе… Ну, а чалавек быў усё-такі добры, карміў мяне, няма што казаць, добра: каша, бывала, грачышная заўсёды ў яго заскварана, а калі качку забье, дык і качка. Што праўда, то праўда, карміў такі.

Гэтак мы й жылі ўдвайгу. Раман у лес пойдзе, а мяне ў будцы замкне, каб зьвер ня зьеў. А пасьля далі яму „жынку“ Аксану.

Пан яму жонку даў. Паклікаў яго на сяло ды й кажа: „Вось што“, — кажа: „Ромусь, жаніся!“ Гаворыць да пана Раман спачатку: „А на якога-ж гэта чорта мне жонка? Што мне ў лесе рабіць з бабаю, калі ў мяне ўжо й-без таго хлопец ёсьць? Не хачу я, кажа, жаніцца!“ Ня прывык ён за дзяўчатамі валачыцца, вось што! Ну, дый пан так сама хітры быў… Як прыпомню гэтага пана, хлопча, дык і падумаю сабе, што цяпер ужо такіх няма, — няма гэткіх паноў больш, — зьвяліся… Вось хоць-бы-й цябе ўзяць: так сама, кажуць, і ты панскага роду… Можа яно й праўда, а такі няма ў табе гэтага… як належыць… Так сябе, мізэрны хлапчына, ды больш нічога.

Ну, а той быў, як мае быць, з даўнейшых… Вось, скажу табе, гэткае на сьвеце бывае, што сотні людзей аднаго чалавека баяцца, ды й яшчэ як!.. Паглянь ты, хлопча, на каршуна й на кураня: абодва з яйца выйшлі, ды каршун зараз пад небо рвецца, ўгару, эгэ! Як крыкне ў небе; дык адразу ня то, інто кураняты — а й старые пеўні забегаюць… Вось-жа каршун — панская птушка, а курыца — простая мужычка…