Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

— „Чым, — кажа, — вам, літасьцівы пане, чалавека мурдаваць, лепей я з Аксанаю ажанюся, слова не скажу…“

Эгэ, сам-такі захацеў ажаніцца з ёю. Вось які чалавек быў, далібог!

Вось Раман быў ўцешыўся, павесялеў. Падняўся на ногі, завязаў матню ды кажа:

— „Вось, — кажа, — добра. Толькі каб табе чалавечку, крыху раней прыехаць? Дый пан так сама — заўсягды вось гэтак!.. Й не распытацца было добра, а можа хто й ахвоч жаніцца. Зараз ухапілі чалавека й ну, яму сыпаць. Нешта, кажа, гэта пахрысьціянску рабіць гэтак? Цьфю!“

Эгэ, ён часамі і пану ня любіў змоўчаць. Вось які быў Раман! Калі ўжо зазлуе, дык да яго не падыходзь, хаця бы й пан. Ну, а пан быў хітры! Ў яго, бачыш, іншае ў галаве было. Прыказаў ізноў Рамана расьцягнуць на траве.

— „Я, — кажа, — табе, дурню, шчасьця хачу, а ты носам круціш. Цяпер ты адзін, як мядзьведзь у берлагу, і заехаць да цябе ня весела… Сыпце-ж яму, дурню, аж пакуль ня скажа: годзі!.. А ты, Апанас, вон пайшоў к чортавай маці. Цябе, кажа, на палудзень ня клікалі, дык сам за стол ня лезь, а то бачыш, як Рамана частуюць? Каб як і табе таго самага ня было.“

А Раман ужо й не на жарт усердаваўся, эгэ! Яго дуюць такі добра; таму што даўнейшые людзі, ведаеш, умелі спрытна бізунамі скуру спушчаць, а ён ляжыць сабе й ня кажа: годзі! Доўга трываў, а ўсё-ж такі пасьля плюнуў:

— „Не дачакае яе бацька, каб праз бабу хрысьціяніну вось гэтак сыпалі, ды яшчэ й ня лічылі.