Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

гучна. Я тады малы хлопчык быў і ня ведаў, што гэта такое; бачу: птушкі з гнёздаў падлётваюць, крылом махаюць, крычаць, а дзе і заяц прыгнуў вушы на плечы й бяжыць, як можа. Вось я й думаю: можа гэта зьвер які нявіданы гэтак хораша крычыць. А гэта-ж ня зьвер, а пан сабе на коніку лесам едзе, ды трубіць на ражок; за панам даязджачые конна і сабак навязгаўшы вядуць. А за ўсіх даязджачых харашэйшы Апанас Швыдкі, за панам у сінім казакіне гарцуе; шапка ў Апанаса з залатым вярхом, конь пад ім гуляе, стрэльба за плячыма блішчыць і бандура на рамені праз плечы пачэплена. Любіў пан Апанаса, бо Апанас добра на бандуры граў і песьні быў майстар сьпяваці. Эх, і харошы-ж маладзец быў гэты Апанас, страх які харошы! Дзе там было пану з Апанасам раўняцца: пан ужо і лысы быў, і нос у пана чырвоны, і вочы, хаця й вясёлые, але ўсё-ж не такіе, як у Апанаса, Апанас, бывала, як зірне на мяне, — мне, малому хлопчыку, й то сьмяяцца хочацца, а я-ж ня дзеўка. Казалі, што ў Апанаса бацькі й дзяды запарожаскіе казакі былі, ў Сечы казакавалі, а там народ быў усё гладкі, ды харошы, ды рухавы. Ды сам ты, хлопча падумай: ці на кані з пікаю па полі птушкаю лётаці, ці сякераю дзераво рубаць, гэта-ж ня ўсё роўна…

Вось я выбег а хаты, пазіраю: пад‘ехаў пан, стрымаўся і даязджачые сталі; Раман з хаты выйшаў, патрымаў пану стрэмя: ступіў пан на зямлю. Раман яму пакланіўся.

— „Як здароў?“ — кажа пан Раману.

— „Эгэ, — адказвае Раман, — дык я-ж, дзякую, здароў, што мне робіцца? А вы як?“

Ня ўмеў, бачыш ты, Раман пану, як трэба адказаць. Чэлядзь уся ад яго словаў засьмяялася і пан так сама.