Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

— „Ну, і дзякуй Богу, што ты здароў, — кажа пан. — А дзе-ж твая жонка?“

— „Ды дзе-ж жонцы быць? Жонка, вядома, ў хаце“…

— „Ну, мы ў хату зайдзём, — кажа пан, — а вы, хлопцы, пакуль што, на траве дыван пасьцялеце, ды прыгатуйце нам усяго, каб было чым маладых на першы раз прывітаць.“

Вось і пайшлі ў хату: пан і Апанас, і Раман бяз шапкі за ім, ды яшчэ Багдан — старшы даязджачы, верны панскі слуга. Вось ужо і слуг такіх цяпер так сама на сьвеце няма: стары быў чалавек з чэлядзьдзю строгі, а перад панам, як той сабака. Нікога ў Багдана на сьвеце ня было, апрача пана. Кажуць, як памерлі ў Багдана бацька з маткаю, папрасіўся ён у старога пана на цягло і захацеў жаніцца. А стары пан не пазволіў, прыставіў яго да свайго паніча: тут табе, кажа, і бацька, і маці, і жонка. Вось вынасіў Багдан паніча й выгадаваў, і на каня сядаць навучыў, і страляці стрэльбаю. А вырас паніч, сам пачаў панаваць. Стары Багдан усё за ім сьледам хадзіў, як сабака. Ох, скажу табе праўду: шмат таго Багдана людзі пракліналі, шмат на яго людзкіх сьлёз упало… а ўсё праз пана. З аднаго панскага слова Багдан можа й мог бы навет роднага бацька на кавалкі разарваць…

А я, малы хлопчык, так сама за імі ў хату пабег: вядомая рэч, цікава. Куды пан павярнуўся, туды й я за ім.

Гляджу, стаіць пан пасярод хаты, вусы пакручвае, сьмяецца, шапку мне ў руках, а Ацанае плячом аб сьцену ўпёрся, стаіць сабе, небарака, як той малады дубок у непагоду. Нахмурыўся, нявесел…