Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

А таго-ж пан ды ня ведае,
Як на сьвеце ды здараецца, —
Як каля гнязда й варона каршуна забівае…

Вось-жа, хлопча, быццам і цяпер я гэту песьню чую і тых людзей бачу: стаіць казак з бандураю, пан сядзіць на дыване, галаву спусьціў ды плача; чэлядзь навакола стоўпілася, папіхаюць адзін аднаго лакцямі; стары Багдан галавою махае… А лес, як цяпер, шуміць і ціха ды сумна зьвініць бандура, а казак пяе, як пані плача над панам, над Іванам:

Плача пані, плача —
А над панам, над Іванам груган чорны скача.

Ох, не зразумеў пан песьні, выцер сьлёзы й кажа:

— „Ну, зьбірайся, Раман! Хлойцы, сядайце на коні! Й ты, Апанас, паедзеш з імі, — будзе ўжо мне твае песьні слухаць!.. Добрая песьня, ды толькі ніколі таго, што ў ёй сьпяваецца, на сьвеце ня бывае.“

А ў казака ад песьні размягчэло сэрцо, затуманіліся вочы.

— „Ох, пане, пане, — кажа Апанас, — у нас кажуць старые людзі: ў байцы праўда і ў песьні праўда. Толькі ў байцы праўда — як жалезо: доўга на сьвеце з рук да рук хадзіло, заіржавело… А ў песьні праўда — як золато, што ніколі яго іржа ня есьць… Вось, як кажуць старые людзі!“

Махнуў пан рукою.

— „Ну, мо‘ гэтак у вашай старане, а ў нас ня гэтак… Ідзі, ідзі, Апанас, — абрыдла мне цябе слухаці.“

Пастаяў казак з момэнт, а пасьля раптам ўпаў перад панам на зямлю:

— „Паслухай мяне, пане! Сядай на каня, едзь да свае пані; ў мяне сэрцо нядобрае чуе.“