Старонка:Лес шуміць (1920).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

мотаў куды-нібудзь на начлег. Мой конь стукаў капытамі па голых карэньнях, хроп і прыслухваўся, ўстаўляючы вушы, як гучна ляскало лясное рэхо. Ён сам паддаваў шагу да знаёмае лясное будкі.

Забрахаў сабака. Паміж рэдкіх дрэваў маргацяць мазаные сьцены. Сіняя струйка дыму круціцца пад абвіслым зяленівам; пакрыўленая хата з касматаю страхою прытулілася пад сьцяною хвоек; яна нібы ўрастае ў землю, тым часам, як стройны й хванабарыстые хвоі высока хістаюць над ёю сваімі галовамі. Сярод палянкі, шчыльна прытуліўшыся адзін да аднаго, стаіць купа маладых дубоў.

Тут жывуць звычайные кампаны маіх паляўніцкіх экскурсыяў — лясьнікі Захар і Максім. Але цяпер, як відаць, абодвых няма ўдома, бо ніхто ня выходзіць на брэх вялізарнай аўчаркі. Толькі стары дзед з лысаю галавою і сівымі вусыма, сядзіць на прызьбе і калупае пастол. Вусы ў дзеда целяпаюцца немаль ні да пояса, вочы пазіраюць хмурна, быццам дзед ўсё ўспамінае нешта ды ня можа прыпомніць.

— „Дзень добры, дзеду! Ці ёсьць хто ў хаце?“.

— „Эгэ!“ — махае дзед галавою. — „Няма ні Захара, ні Максіма, дый Матруна пацягнулася ў лес па карову… Карова недзе ўцякла, — можа й медзьвядзі… задушылі… Вось яно як, няма нікога!“

— „Ну, нічога. Я з табою пасяджу, пачакаю“.

— „Пачакай, пачакай“, — ківае дзед і, пакуль я прывязваю каня да галіны дуба, ён углядаецца ў мяне слабымі й мутнымі вачыма. Благі ўжо стары дзед: вочы ня бачаць і рукі дрыжаць.

— „А хто-ж ты такі, хлопча?“ — пытаецца ён, калі я прысядаю на прызьбу.

Гэтае пытаньне чую я кожны раз, калі тут бываю.