Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

На нач толькі зьнімаць буду. Падскочыў, трапае па плячы: — твая харош, мая харош!

Напісаў Жылін пісьмо, а на пісьме ня так напісаў, — каб не дайшло. Сам думае: „я ўцяку.“

Адвялі Жыліна з Кастыліным у хлеў, прынясьлі ім саломы кукурузнае, вады ў збане, хлеба, дзьве чаркескі старыя і боты падраныя, салдацкія. Відаць, з забітых салдатаў сьцягнулі. На нач зьнялі з іх калодкі і замкнулі хлеў.

III.

Жыў гэтак Жылін з таварышам месяц цэлы. Гаспадар усё сьмяецца: „твая, Іван, харош, — мая, Абдул, харош.“ А карміў блага — толькі й даваў, што хлеб прэсны з прасяное мукі, куханамі печаны, а то й зусім цеста няпечанае.

Кастылін яшчэ раз пісаў дамоў, усё чакаў грошай і сумаваў. Цэлымі днямі сядзіць у хляве і лічыць дні, калі пісьмо прыдзе, або сьпіць. А Жылін ведаў, што яго пісьмо не дайдзе, а другога ня пісаў.

„Дзе, — думае, — матцы гэтулькі грошай узяць за мяне заплаціць. І то яна тым больш жыла, што я пасылаў ёй. Калі ёй 500 рублёў сабраць, дык трэба рашыцца зусім; Бог дасьць і — сам выбяруся.“

А сам усё выглядае, выпытвае, як яму ўцякаць.

Ходзіць па ауле, пасьвіствае, а то сядзіць што-небудзь майструе — або з гліны лялькі лепіць, або пляце пляцёнкі з дубцоў. А Жылін на ўсякую работу майстар быў.