Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

Зьляпіў ён раз ляльку, з носам, з рукамі, з нагамі і ў татарскай сарочцы, і паставіў ляльку на страху. Пайшлі татаркі па ваду. Гаспадарская дачка Дзінка ўбачыла ляльку, паклікала татарак. Паставілі збанкі, глядзяць, сьмяюцца. Жылін зьняў ляльку, падае ім. Яны сьмяюцца, а ня сьмеюць узяць. Пакінуў ён ляльку, пайшоў у хлеў і глядзіць: што будзе?

Падбегла Дзіна, аглянулася, схапіла ляльку і ўцякла.

Назаўтра глядзіць, чуць сьвет Дзіна выйшла на парог з лялькаю. А ляльку ўжо лапеньнем чырвоным убрала і калыша, як дзіця, сама пасвойму люляе. Цыйшла старая, залаялася на яе, вырвала ляльку, разьбіла яе, паслала недзе Дзіну на работу.

Зрабіў Жылін другую ляльку, яшчэ лепшую, аддаў Дзіне. Прынясла раз Дзіна дзбаночак, паставіла, села і глядзіць на яго, сама сьмяецца, паказвае на збанок.

„Чаго яна цешыцца?“ думае Жылін. Узяў збанок, пачаў піць. Думаў — вада, а там малако. Выпіў ён малако. „Добра!“ кажа. Як усьцешыцца Дзіна.

— Добра, Іван, добра! — і падскочыла, запляскала ў далоні, вырвала збаночак і ўцякла.

І з таго часу пачала яна яму кожны дзень, крадучы малако насіць. А то робяць татары з казінага малака лепнякі сырныя і сушаць іх на стрэхах, дык яна гэтыя лепнякі яму тайком прыносіла. А то раз зарэзаў гаспадар барана, дык яна яму кавалак бараніны прынясла у рукаве. Кіне і ўцячэ.

Былі раз грымоты моцныя, і дождж цэлую гадзіну, як з вядра, ліў. І замуціліся ўсе рэчкі.