Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

мыць кішкі і нутро. Разрубалі пасьля кабылу, сьцягнулі ў хату. І ўся вёска сабралася да рыжага памінаць нябожчыка.

Тры дні елі кабылу, бузу пілі — нябожчыка паміналі. Усе татары ўдома былі. На чацьвёрты дзень, бачыць Жылін, у абед кудысьці зьбіраюцца. Прывялі коні, убралі і паехалі чалавек дзесяць, і чырвоны паехаў; толькі Абдул застаўся. Месяц толькі нарадзіўся — ночы яшчэ цёмныя былі.

„Ну, — думае Жылін, — цяпер уцякаць трэба“, — і кажа Кастыліну. А Кастылін затрусіў.

— Ды як-жа ўцякаць? мы і дарогі ня ведаем.

— Я ведаю дарогу.

— Дый не дайдзем уночы.

— А не дайдзем — у лесе пераначуем. Я вось лепнякоў набраў. Што-ж ты будзеш сядзець? Добра калі прышлюць грошай, а то і не зьбяруць. А татары цяпер злыя за тое, што расейцы іхняга забілі. Дзейкаюць — нас забіць хочуць.

Падумаў, падумаў Кастылін.

— Ну, пойдзем!

V.

Палез Жылін у дзірку, раскапаў шырэй, каб і Кастыліну пралезьці; і сядзяць яны — чакаюць, каб заціхла ў ауле.

Толькі заціх народ у ауле, Жылін палез пад сьцяну, выбраўся. Шэпча Кастыліну: „лезь.“