Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

Палез і Кастылін, ды зачапіў камень нагою, загрымеў. А ў гаспадара стораж быў — пярэсты сабака страшэнна злы; звалі яго Уляшын. Жылін ужо наперад прыкарміў яго. Пачуў Уляшын — забрахаў і кінуўся, а за ім і іншыя сабакі. Жылін чуць сьвіснуў, кінуў лепняка кусок, — Уляшын пазнаў, замахаў хвастом і пакінуў брахаць.

Гаспадар пачуў, загайкаў з саклі: „гайць, гайць, Уляшын.“

А Жылін за вушмі пачэсвае Уляшына. Маўчыць сабака, трэцца яму каля ног, хвастом круціць.

Пасядзелі яны за вуглом. Заціхла ўсё, толькі чутно — авечка перхае ў закутку ды нізам вада па каменьчыках шуміць. Цёмна, зоры высока стаяць на небе; пад гарою малады месяц зачырванеўся, угару рожкамі заходзіць. У лагчынах туман, як малако, бялее.

Падняўся Жылін, кажа таварышу: „ну, брат, гайда!“

Рушылі; толькі адыйшлі, чуюць — запяяў мулла на страсе: „Алла, Бэсьмілла! Ільрахман!“ Значыцца — пайдзе народ у мэчэт. Селі ізноў, прытаіўшыся пад сьцяною. Доўга сядзелі, чакалі, пакуль народ прайдзе. Ізноў заціхла.

— Ну, з Богам! — Перахрысьціліся, пайшлі. Прайшлі праз падворак пад кручу да рэчкі, перайшлі рэчку, пайшлі лагчынаю. Туман густы, але нізам стаіць, а над галавою зоркі зусім відаць. Жылін па зорах прыкмячае, у які бок ісьці. У тумане халаднавата, ісьці лёгка, толькі боты нялоўкія — стапталіся. Жылін скінуў свае, кінуў, пайшоў басанож. Паддзыгвае з каменя на