Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

Жылін падпоўз да дарогі, глядзіць конны татарын едзе, карову гоніць, сам сабе пад нос мармыча нешта. Праехаў татарын. Жылін вярнуўся да Кастыліна.

— Ну, пранёс Бог; уставай пойдзем.

Пачаў Кастылін уставаць і ўпаў.

— Не магу, далібог, не магу; сілы няма.

Мужчына тоўсты, пухлы, спацеў, ды як ахапіла яго ў лесе туманом халодным, ды ногі абадраныя, — ён і рассаладзеў. Пачаў яго Жылін сілай паднімаць. Як закрычыць Кастылін:

— О-ёй, баліць!

Жылін так і атрупеў.

— Чаго крычыш? Гэта-ж татарын блізка, пачуе. — А сам думае: „ён і запраўды расслабеў; што мне з ім рабіць? Кінуць таварыша нягожа.“

— Ну, кажа, уставай, сядай на карак — панясу, калі ўжо ісьці ня можаш.

Пасадзіў на сябе Кастыліна, падхапіў рукамі пад ляжкі, выйшаў на дарогу, павалок.

— Толькі, кажа, ня душы ты мяне рукамі за горла ў імя Хрыста. За плечы трымайся.

Цяжка Жыліну; ногі таксама ў крыві і змогся. Нагнецца, паправіць, падкіне, каб вышэй сядзеў на ім Кастылін, цягне яго па дарозе.

Мусі пачуў татарын, як Кастылін закрычаў. Чуе Жылін едзе нехта ззаду, кліча пасвойму. Кінуўся Жылін у кусты. Татарын выхапіў стрэльбу, пальнуў, — не папаў, запішчаў пасвойму і паляцеў проч па дарозе.