Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, кажа Жылін, — прапалі, брат! Ён, сабака, зараз зьбярэ татар за намі ў пагоню. Калі не ўцячэм вярстоў тры — прапалі. — А сам думае аб Кастыліне: „і чорт мяне цягнуў калоду гэтую з сабою браць. Адзін я даўно ўцёк-бы.“

Кастылін кажа:

— Ідзі адзін, за што табе праз мяне гінуць?

— Не, не пайду: нягожа таварыша кідаць.

Падхапіў ізноў на плечы, папёр. Прайшоў ён гэтак з вярсту. Усё лес і ня відаць выхаду. А туман ужо расходзіцца пачаў, і як быццам хмаркі заходзіць пачалі — ня відаць ужо зораў. Змучыўся Жылін.

Прыйшоў, — каля дарогі крынічка, каменьнем абробленая. Затрымаўся, ссадзіў Кастыліна.

— Дай, кажа, адпачыну, нап‘юся. Лепнякоў паямо. Мусі — недалёка.

Толькі прылёг ён піць, чуе — затупацела ззаду. Ізноў кінуліся ўправа, у кусты, пад кручу і ляглі.

Чуюць — галасы татарскія; спыніліся татары на тым самым месцы, дзе яны з дарогі зьвярнулі. Пагаварылі, пасьля зауськалі, як сабакі цкуюць — трашчыць нешта па кустох, проста да іх сабака чужы нечы. Спыніўся, забрахаў.

Лезуць і татары — таксама чужыя; схапілі іх, пазьвязвалі, пасадзілі на коні, павязьлі.

Праехалі вярстоў тры, сустрачае іх Абдул — гаспадар з двама татарамі, перасадзілі на свае коні, павязьлі назад у аул.

Абдул ужо не сьмяецца і ні слова не гаворыць з імі.