Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

Прыехалі на расьсьвітаньні ў аул, пасадзілі на вуліцы. Зьбегліся дзеці. Каменьнямі, бізунамі б‘юць іх, пішчаць.

Сабраліся татары ў кружок, і стары з-пад гары прыйшоў. Пачалі гаварыць. Чуе Жылін, шо разважаюць пра іх, што з імі рабіць. Адны кажуць: „трэба іх далей у горы адаслаць,“ а стары кажа: „трэба забіць.“ Абдул спрачаецца, кажа: „я за іх грошы аддаў; я за іх выкуп вазьму.“ А стары кажа: „нічога яны не заплацяць, толькі бяды наробяць. І грэх расейцаў карміць. Забіць — і скончана.“

Разыйшліся. Падыйшоў гаспадар да Жыліна, пачаў яму казаць:

— Калі, кажа, мне ня прышлюць за вас выкупу, дык я праз два тыдні вас засьцёбаю. А калі здумаеш ізноў уцякаць, дык я цябе, як сабаку, заб‘ю. Пішы пісьмо, дабранька пішы!

Прынясьлі ім паперы, напісалі яны пісьмы. Набілі на іх калодкі, адвязьлі за мэчэт. Там яма была аршынаў пяць — і спусьцілі іх у гэту яму.

VI.

Жыцьцё ім зрабілася зусім благое. Калодак зусім ня скідалі і не выпушчалі на вольны сьвет. Кідалі ім цеста няпечанае, як сабакам, ды ў збанку ваду спушчалі. Смурод у яме, духата, макрата. Кастылін зусім расхварэўся, распух, і ламата ўва ўсім целе зрабілася; і ўсё стогне або сьпіць. І Жылін засумаваў: бачыць — справа кепская. І ня ведае, як выдрацца.