Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

Пачаў ён быў падкопвацца, ды зямлі няма куды кідаць, убачыў гаспадар, прыгразіў забіць.

Сядзіць ён раз у яме на карачках, думае аб вольным жыцьці, і сумна яму. Раптам проста яму на калены ляпняк упаў, другі, і чарэшні пасыпаліся. Паглядзеў угару, а там Дзіна. Паглядзела на яго, пасьмяялася і ўцякла. Жылін і думае: „ці не паможа Дзіна?“

Расчысьціў ён у яме месьцейка, накалупаў гліны, пачаў ляпіць лялькі. Нарабіў людзей, коняй, сабак; думае: „як прыдзе Дзіна, кіну ёй.“

Толькі на другі дзень няма Дзіны. А чуе Жылін — затупацелі коні, праехалі нейкія, і сабраліся татары каля мэчэту, спрачаюцца, крычаць і спамінаюць аб расейцах. І чуе голас старога. Добра не разабраў ён, а дагадваецца, што расейцы блізка падыйшлі, і баяцца татары, каб як у аул не зайшлі, і ня ведаюць, што з палоннымі рабіць.

Пагаварылі і пайшлі. Раптам чуе — зашамацела нешта ўгары. Бачыць: Дзіна прысела на карачкі, каленкі вышэй за галаву паставіла, зьвісла, моністы вісяць, целяпаюцца над ямаю, вочкі так і блішчаць, як зорачкі. Выняла з рукава два сырныя лепнякі, кінула яму. Жылін узяў і кажа:

— Што-ж даўно ня бывала? А я табе цацак нарабіў. На, вось! — Пачаў ён кідаць па аднэй.

А яна галавою махае, не глядзіць.

— Ня трэба! — кажа. Памаўчала, пасядзела і кажа: — Іван! цябе забіць хочуць. — Сама сабе рукою на шыю паказвае.