Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

„ідзеце за Урал ваяваць з Кучумам, заўладайце яго зямлёю. Вас і цар абдарыць.“ І паказаў Ермаку царскае пісьмо. Ермак уцешыўся, сабраў казакоў і кажа:

— Вы мне сорам робіце перад гаспадаром, — усё бяз толку рабуеце. Калі ня кінеце, дык ён вас прагоніць, а куды пайдзеце? На Волзе царскага войска шмат, нас паловяць і за ранейшыя справы блага будзе. А калі сумна вам, дык вось вам работа.

І паказаў ім царскае пісьмо, што пазволена Строганаву за Уралам зямлю заваяваць. Пагаварылі казакі і згадзіліся ісьці. Пайшоў Ермак да Строганава, пачаў з ім думаць, як ім ісьці.

Абгаварылі, колькі стругоў трэба, колькі хлеба, быдла, стрэльбаў, пораху, цыну, колькі тлумачоў — татараў палонных, колькі немцаў — майстроў зброі.

Строганаў думае: „хоць і дорага мне будзе, а трэба даць яму ўсяго, а то тут застануцца — зруйнуюць мяне.“ Згадзіўся Строганаў, сабраў усяго і выправіў Ермака з казакамі.

1-га верасьня паплылі казакі з Ермаком проці вады па рацэ Чусавой на 32-х стругох, на кожным стругу было дваццаць чалавек. Плылі яны чатыры дні на вёслах проці вады па рацэ і выплылі ў Сярэбраную-раку. Адтуль ужо плысьці нельга. Распыталі ў праваднікоў і даведаліся, што трэба ім тут пераваліцца праз горы і вярстоў 200 па сухаземі прайсьці, а пасьля пайдуць ізноў рэкі. Затрымаліся тут казакі, пабудавалі горад і выгрузілі ўсю снасьць; і стругі пакідалі, а нарыхтавалі вазы, улажылі ўсё і пайшлі па сухаземі — праз горы. Месцы ўсё былі лясныя і народу ня жыло ніякага. Прайшлі яны