Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

страляніну, дык і пачалі ўцякаць. Пачалі іх казакі даганяць і якіх пазабівалі, а якіх забралі. Ледзь уцёк сам Мамэткул.

Пайшлі казакі далей. Выплылі ў шырокую, быструю раку Іртыш. Па Іртышу-рацэ праплылі дзень, падплылі да гарадку харошага і затрымаліся. Пайшлі казакі ў гарадок. Толькі пачалі падходзіць, дык татары давай у іх стрэламі пушчаць і паранілі трох казакоў. Паслаў Ермак тлумача сказаць татарам, каб здалі горад, а то ўсіх пазабіваюць. Тлумач пайшоў, вярнуўся і кажа: „тут жыве Кучумаў слуга Атык-Мурза-Качара. У яго сілы шмат, і ён кажа, што ня здасьць гарадку.“

Ермак сабраў казакоў і кажа:

— Ну, хлопцы, калі не вазьмем гэтага гарадку, дык татары забалююць. І нам ходу не дадуць. Чым хутчэй страху задамо, тым лягчэй нам будзе. Выходзьце ўсе. Кідайцеся ўсе разам. Гэтак і зрабілі. Татараў шмат тут было, і татары бойкія.

Як кінуліся казакі, пачалі татары страляць з лукаў. Засыпалі казакоў стрэламі. Якіх на сьмерць пазабівалі, а якіх паранілі.

Зазлавалі казакі, дабраліся да татараў і, якія папаліся, усіх пазабівалі.

У гарадку гэтым знайшлі казакі шмат дабра, быдла, дываноў, скураў і мёду шмат. Пахавалі няжывых, адпачылі, забралі дабро з сабою і паплылі далей. Недалёка праплылі, глядзяць — на беразе, як горад стаіць, войска канца-краю ня відаць, і ўсё войска акопана ровам, і роў лесам завалены. Затрымаліся казакі, пачалі думаць. Сабраў Ермак круг. „Ну што, хлопцы, як быць?“