Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

пайдуць, а іншыя дзьве кучкі ў абход зайдуць справа і зьлева. Вось як пачнуць сярэднія падходзіць, яны падумаюць, што мы ўсе тут, выскачаць. А тады з бакоў і ўдарым. Гэтак вось, хлопцы. А гэтых пераб‘ем, дык ужо баяцца няма чаго, — царамі самі будзем“.

Гэтак і зрабілі. Як пайшлі сярэднія з Ермаком, татары запішчалі, выскачылі; тут ударылі — справа Іван Кальцо, зьлева Мешчарак-атаман. Спалохаліся татары, пабеглі. Перабілі іх казакі. Тут ужо Ермаку ніхто працівіцца ня сьмеў. І гэтак ён увайшоў у самы горад Сыбір. І засеў там Ермак — усё роўна як царом.

Пачалі прыяжджаць да Ермака царкі з паклонамі. Пачалі татары прыяжджаць сяліцца ў Сыбіры; а Кучум з зяцем Мамэткулам баяўся на Ермака проста ісьці, а толькі навокал хадзілі, прыдумвалі, каб як гэта яго прыгубіць.

Вясною па паводзьдзі прыбеглі да Ермака татары, кажуць: „Мамэткул ізноў на цябе ідзе, сабраў войска шмат, стаіць на Вагаі-рацэ.“

Ермак сабраўся праз рэкі, балоты, ручаі, лясы падкраўся з казакамі, кінуўся на Мамэткула і пабіў шмат татараў, а самога Мамэткула забраў жыўцом і прывёз у Сыбір. Тут ужо мала нямірных татараў засталося, а, якія не паддаваліся, на тых Ермак хадзіў у гэтае лета; і па Іртышу і па Обі рэках заваяваў Ермак гэтулькі зямлі, што за два месяцы не абыйдзеш.

Як забраў Ермак усю гэту зямлю, паслаў Ермак пасла да Строганавых і пісьмо: „я, кажа, Кучумаў горад узяў і Мамэткула ў палон забраў і ўвесь тутэйшы народ пад сваю руку прывёў. Толькі казакоў шмат загінула. Прысылайце народу, каб нам весялей было. А дабра ў тутэйшай зямлі і канца няма.“