Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/133

Гэта старонка не была вычытаная

І паслаў ён дарагіх скурак: лісоў, куніцаў і собаляў.

Прайшло тэй справе два гады. Ермак усё трымаў Сыбір, а падмога з Расеі ўсё ня прыходзіла, і стала ў Ермака мала расейскага народу.

Прыслаў раз да Ермака татарын Карача пасла, кажа: „мы табе пакарыліся, а наc нагайцы крыўдзяць, — прышлі да наc сваіх малайцоў на падмогу. Мы разам нагайцаў паб‘ем. А што мы тваіх малайцоў не пакрыўдзім, дык мы табе прысягу дамо.“

Ермак паверыў іхняй прысязе і адпусьціў з Іванам Кальцом 40 чалавек. Як прыйшлі гэтыя сорак чалавек, татары накінуліся на іх і пабілі, казакоў яшчэ менш стала.

Паслалі другі раз бухарскія купцы вестку Ермаку, што яны сабраліся да яго ў Сыбір-горад тавары вязьці, ды што ім на дарозе Кучум з войскам стаіць і ня пушчае іх прайсьці.

Ермак узяў з сабою 50 чалавек і пайшоў ачысьціць дарогу бухарцам. Прыйшоў ён да Іртыша-ракі, не знайшоў бухарцаў. Затрымаўся начаваць. Ноч была цёмная і дажджы. Толькі паляглі спаць казакі, адкуль ні ўзяліся татары, кінуліся на сонных, пачалі іх біць. Схапіўся Ермак, пачаў біцца. Ранілі яго нажом у руку. Кінуўся ён уцякаць да ракі. Татары за ім. Ён у раку, — толькі яго й бачылі. І цеда яго не знайшлі, і ніхто не даведаўся, як ён памёр.

На другі год прыйшло царскае войска, і татары замірыліся.